Ігнараванне рэальнасці

Тое, што адбываецца ў асяродку беларускай палітычнай апазіцыі апошнія тыдні іначай як тэатрам абсурду не назавеш. Нечакана цэнтральным пытаннем рэчаіснасці стаў удзел у так званых “парляманцкіх выбарах” альбо байкот гэтай выбарчай кампаніі. Ідуць бясконцыя дыскусіі – удзельнічаць альбо не ўдзельнічаць. У гэтым пытанні ўжо падзяліліся. Далей ідзе наступная стадыя – адны спрачаюцца, як выстаўляць кандыдатаў і на якой стадыі ім “здымацца”, іншыя – актыўна весці байкот альбо пасіўна.

Давайце спярша разбярэмся з тэрміналогіяй. У звычайнай еўрапейскай краіне – палітычная апазіцыя – гэта тая сіла, якая імкнецца да ўлады шляхам законнага ўдзелу ў легітымных выбарах. У Беларусі сітуацыя зусім іншая – у нашай краіне і палітычныя партыі і недзяржаўныя арганізацыі разам складаюць агульную дэмакратычную супольнасць, якая мусіць змагацца за карэнную змену, пажадана мірным эвалюцыйным шляхам, не проста асобных элементаў улады, а ўсёй дзяржаўнай сістэмы. Што такое цяперашнія “выбары ў парлямант”? Фальшыўка, пусты гук, мыльная бурбалка, не вартая ніякай ўвагі. Ці можа хто стане сцвярджаць, што ў Беларусі нешта вырашае Вярхоўны Савет? Ці можа ёсць рэальны падзел галінаў улады, ці ўсталявана мясцовае самакіраванне? Урэшце, зроблены змены ў выбарчае заканадаўства? Таму відавочна, што з усіх выбарчых працэсаў увагі вартыя толькі кампаніі па выбарах прэзідэнта – толькі тады – у 2001-ым, 2006-ым, 2011-ым былі нейкія шанцы на змену сітуацыі і сэнс выяўляць актыўнасць. Так, змяніць сітуацыю да лепшага ў 2011 годзе не ўдалося, але беларусы ўсяму свету прадэманстравалі, што яны народ і выявілі тое, што сапраўды адбываецца ў краіне.

А можа дэмакратычнай апазіцыі цяпер няма куды прыкласці свае “бурлівыя” магутныя сілы? Дык вось жа яны – усе сама страшныя праблемы і беды краіны навідавоку. Па-першае, палітычныя вязні, стан і сітуацыя з якімі не можа выклікаць ніякіх супярэчнасцяў сярод апазіцыйных сілаў. Па-другое, апазіцыя мусіць патрабаваць адмены ці хоць бы мараторыю на смяротнае пакаранне. Бо гэта пытанне жыцця і смерці ў прамым сэнсе гэтых словаў. І жыцця, і смерці не толькі двух няшчасных хлопцаў, віна і роля якіх у здзяйсненні тэракту ў метро цалком так і не была даказаная і высветленая. Калі судовы канвеер такой смерці будзе запушчаны, спыніць яго тады стане яшчэ цяжэй.
Урэшце відавочна і тое, што палітычнае змаганне ў Беларусі – гэта і змаганне найперш з расійскай гаспадарчай і ідэалагічнай экспансіяй, якая ўвесь час нарастае, пагражае суверэнітэту. Сама страшнае тут – пабудова чужой атамнай электрастанцыі. Супраць яе размяшчэння расійцамі ў Беларусі змагаюцца толькі адзінкі з дэмакратычнай супольнасці, іншыя ж праблемы “не бачаць”, хаваючы галаву ў пясок. І ўрэшце татальная русізацыя, якая ўжыццяўляецца рукамі мясцовых манкуртаў. Дайшло да таго, што ў абласных цэнтрах – Магілёве, Мінску, Гродне ва ўніверсітэтах скарачаюцца ці зусім зачыняюцца спецыяльнасці беларускай філалогіі. Вышэйшая гуманітарная адукацыя ў Беларусі проста ў катастрафічным стане. А ў Віцебску пастанавілі ліквідаваць нават беларускамоўную частку бібліятэкі. Тут ужо і каментаваць язык не павернецца…

Словам, дзейсна прыкласціся дэмакратычнай апазіцыі ёсць да чаго, чынна папрацаваць ёсць над чым. Відавочныя рэчы і з’явы, якія папросту немагчыма ігнараваць! А калі ж рэальных сілаў зусім няма, то трэба іх гуртаваць і рыхтавацца да сапраўднай справы. А тут столькі жарсцяў, сварак, інтрыгаў вакол абсалютна пустога, стварэнне чарговых кааліцый пад псеўдавыбары, “шасцёрак”, дзе і жук і жаба, і партыя, якая пазіцыянуе сябе як абсалютна прамаскоўская, і партыя з заявамі і прэтэнзіямі на правую нацыянальную ідэю.

Сапраўднай дэмакратычнай апазіцыі нельга гуляць па чужых сцэнарах – усё роўна, дзе напісаных: у Маскве, Бруселі, ці ў мінскім “чырвоным доме”. Інакш скончыцца гэта сумна і нават ганебна.

Уладзімір Хільмановіч

Падзяліцца гэтай старонкай: