“Зоркі” і святло
Упершыню ў фінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе сустрэліся дзве беларускі: адна з паходжання – Марыя Шарапава, якая выступае за Расію, другая – народжаная ў Мінску Вікторыя Азаранка. Апошняя цалком апраўдала сваё імя і ўпершыню з беларусаў перамагла ў адзіночным разрадзе турніру такога высокага роўню.
У іншай сітуацыі можна было б шчыра пацешыцца з гэтага спартовага факту, але нешта ў сярэдзіне душы не дазваляе. Гэтае “нешта” – асэнсаванае і падсведамае адчуванне таго, што ў Беларусі няма таго галоўнага, што яднае нацыю, надае ёй гонару і патрыятызму. Той жа спорт, як сацыяльная з’ява, з аднаго боку нібыта кшталтуе беларускі патрыятызм, а з іншага – часцяком выкарыстоўваецца дзяржаўнай прапагандай як сродак доказу “геніяльнага палітычнага курсу кіраўніцтва”. Як прыклад тая сама новаспечаная першая ракетка свету Азаранка – не раз яе імя ўжывалася дзеля сумнеўных мэтаў, дзякавала яна вярхоўнай уладзе і за сваё “шчаслівае дзяцінства”.
Паводзіны славутай тэнісісткі вытлумачыць можна. Магчыма, яна не прачытала ў дзяцінстве тых трох-чатырох кніжак, якія пашчасціла прачытаць іншым. Бо можна дасканала авалодаць “смэшам” ці “форхэндам”, але гэта ніяк не ўплывае на фармаванне светагляду. А магчыма, яна сапраўды не ведае існага стану рэчаў у сваёй роднай краіне, бо жыве пераважна за мяжой, а ў Беларусі бывае досыць рэдка. Але трэба заўсёды памятаць: каму шмат дадзена – з таго і запытанне па іншым, больш вялікім рахунку. Бо ў цяперашнім свеце з “зорак” спорту ці эстрады наперш бярэ прыклад моладзь, мадэлюе іх паводзіны і паставы. Яркі прыклад спартовай высакароднасці для неадэкватных заўзятараў далі на мінулым тыдні гандбалісты зборных Сербіі і Харватыі, якія ў паўфінальным матчы чэмпіянату Еўропы і на пляцоўцы паводзілі сябе як сапраўдныя мужчыны, і пасля сустрэчы прадэманстравалі як можна і трэба годна сябе трымаць.
Разумею тых, хто шчыра радуецца поспехам беларускіх спартоўцаў, для многіх, задзяўбаных неўладкаваным бытам ці дурной працай, неадэкватнымі начальнікамі ці звяглівымі жонкамі, – гэта ледзь не адзіная радасць у жыцці. Хоць сучасны спорт іначай як з іроніяй і ўспрымаць нельга. Бо калі раней на арэнах выступалі бяспраўныя і гаротныя, а на трыбунах цешыліся багацеі, то цяпер свет перакуліўся – ужо мільянеры лупяць нагамі ці ракеткамі па мячыку, а бедныя аддаюць апошнія грошы за запаветны квіток на стадыён.
Разумею тых, для каго пакуль у Беларусі ёсць смяротнае пакаранне, няпраўнасць і гвалт улады над іншадумцамі, пануе відавочная несправядлівасць і цемрашальства, няма забавы і сапраўднай весялосці. Днямі, быў сплачаны вялізны штраф, сабраны і пералічаны, што называецца “ўсім мірам”, накладзены на зняволенага лідара грамадскага праваабарончага руху Беларусі Алеся Бяляцкага за нібыта страты, якія ён прычыніў дзяржаве. Аднак, суд пры разглядзе касацыйнай скаргі пры тым ніяк не зрэагаваў на істотную змену сітуацыі. А начальнік беларускай дзяржавы не так даўно публічна ж дэкляраваў, што калі хто сплачвае “урон” – адразу выходзіць з турмы. Гэта яшчэ раз пацвярджае тое, што крымінальны працэс над Бяляцкім, як і жорсткія прысуды ўдзельнікам апошніх прэзідэнцкіх выбараў, маюць вылучна палітычную афарбоўку – людзей знішчаюць фізічна і псіхалагічна за тое, што яны публічна выяўляюць сваю думку і змагаюцца за справядлівасць.
Таму я найперш разумею тых, хто патрабуе пазбавіць Беларусь права праводзіць у Мінску чэмпіянат свету па хакеі і заклікае да байкоту. Гэта іх асэнсаваны, сумленны і справядлівы маральны выбар. Аднак, наўрад ці ўдасца дамагчыся такога. Больш таго, на мінулым тыдні стала ведама, што Рэспубліка Беларусь атрымала яшчэ і права на першынство свету па велатрэку ў 2013 годзе.
У беларускую сталіцу могуць прыехаць “зоркі” сусветнага хакею і веласпорту, але святлей ад гэтага ў краіне не стане.
Уладзімір Хільмановіч


















