Бо тут наша радзіма!
Ведаеце, як бывае: заходзіш у вольны хваёвы лес і... – кружыцца галава! Так чыста там, шчасна дыхаць. Уздыхні яшчэ і яшчэ – і ўжо галава ня кружыцца, а нават баліць – ну немагчыма тут столькі чысціні і прастору!
І вось ты ходзіш, ходзіш... – і ўжо зусім здурэў ад вольнасці гэтай! Аж пакуль не прыходзіць час нарэшце вяртацца..., дзе гаркавасць і дым..., дзе няма таго лесу і той вар’яцкае чысціні, ад якой робіцца весела толькі спачатку, а потым, потым – нібыта і паганавата неяк.
Што такое, чаму? Ды таму, што не ў тым невядомым, дзіўным лесе наша радзіма, не сярод тых пакручастых, светлых сцяжынаў наша ласка і доля, а... Ага, тут: дзе нам дышацца лёгка, дзе хадзіць хоць і коўзка, ды затое так хутка перамяшчацца па гладкай рухомай паверхні, якой складнік асноўны - ....... ладна! не будзем услых. Гэта, можа, і парадокс: калі лёгка дышацца тым, што ў іншых нармальных людзей любы дых забівае. Але ж мы нараджоныя, мы раслі-выраслі не ў лесе, аб якім гаворка вышэй, а ў краі суворым, хоць і сэрцу адкрытаму дарагім. Дарагім родным пахам!.. кірзава-смольным; неабсяжнай сціскаючай атмасферай; дзе музыкай – маршы і гімны; дзе вершамі – заклікі ды прамовы; дзе карцінамі – твары як дуп... дуплетамі стрэлы: на кажнюткі твой твар ёсць двайнік у той самае тэчцы, што трэба, з надпісам зверху “Захоўваць 100 год!”!..
І мы смяемся ад замілавання, пляжамся ў гэтыя куты, у гэтыя шаты – нам тут добра, нам тут прыемна, нам тут суперскі-харашо! Добра, што ад думак не боліць галава, прыемна, што звыкла, суперскі-харашо, што не б’юць. Надта моцна, рэзка і штодня. А так – для прафілактыкі і выхавання, для паказу праўды і меры, для каб ты ведаў свае межы, дзяржаўніцкія даручэнні і міласцю Уседбайнага нададзеныя правы.
І не круці, калі ласка, носам, нюхаючы свае ў нечым неўразумелым пальцы – тут твая, братка, радзіма!, ты яе заслужыў!!
З беларускага свету, дзе бот брудны і вышэй аблізаць ды падзякаваць шчыра за гэта – лічыцца суперскім шыкам адметным – для Радыё Рацыя Тодар Ленскі.


















