5 сакавіка адкрыецца цэнтр прамоцыі беларускай культуры
Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры ў былым будынку школы ў Шчытах-Дзенцялове афіцыйна адчыніць свае дзверы 5 сакавіка для ўсіх ахвотных.
Ідэя ператварыць апусцелы будынак школы ў сучасны цэнтр культуры належыць Звязу беларускай моладзі.
Як адзначыў Міхась Сцепанюк, старшыня Звязу і журналіст радыё Беласток, пачынаючы з сакавіка ў цэнтры будуць ажыццяўляцца першыя праекты:
– Кожныя два тыдні, кожны тыдзень будзем сустракацца з цікавымі людзьмі – сустрэчы будуць пра гісторыю, рукадзелле... Напрыканцы сакавіка ў Шчытах адкрыецца тэатральная сцэна – мы хочам, каб з’явіліся акцёры, якія будуць паказваць свае спектаклі, у большасці для дзяцей.
Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры, паводле задумы стваральнікаў, павінен стаць актыўнай культуратворчай пляцоўкай на сутыку трох гмінаў. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на сайце Звязу беларускай моладзі.
Радыё Рацыя.


















