Зміцер Вайцюшкевіч выступіць у Санкт-Пецярбургу
Канцэрт беларускага артыста Зміцера Вайцюшкевіча пройдзе ў культурнай сталіцы Расіі, Санкт-Пецярбургу.
Як зазначае сам спявак, адной з прычынаў, па якіх усё часцей сталі адбывацца замежныя канцэрты, з’яўляецца немагчымасць арганізаваць выступы ў Беларусі. У сувязі з дзеяннем так званых "чорных спісаў" Зміцер Вайцюшкевіч ужо больш за год не мае магчымасці выступаць у беларускіх гарадах. У мінулым месяцы выступы артыста адбыліся ў Маскве і Іркуцку. Выступ у Санкт-Пецярбургу адбудзецца ўпершыню за доўгі творчы шлях Зміцера Вайцюшкевіча:
- Ніколі там не выступаў, дваццаць гадоў там не быў, вельмі хачу там выступіць. Увогуле калі паглядзець, я думаю ў вялікіх гарадах, дзе ёсць хоць некалькі беларусаў, можна час ад часу праехаць, каб паглядзець гэтую краіну, якая называецца Расія.
Канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Санкт-Пецярбургу ладзіць "Клуб беларусаў Пецярбурга". На імпрэзе прагучаць лепшыя песні спевака на вершы беларускіх паэтаў, а таксама творы з адзінага рускамоўнага праекта Зміцера Вайцюшкевіча - песні на вершы паэта Уладзіміра Маякоўскага. Адбудзецца канцэрт у нядзелю, 5-га лютага ў піцерскім клубе "ART CROSS". Пачатак імпрэзы а 19-й гадзіне па маскоўскім часе.
Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.
Фота budzma.org


















