Жаночая зборная Беларусі па тэнісе прайграла камандзе ЗША

Радыё Рацыя

Жаночая зборная Беларусі па тэнісе прайграла камандзе ЗША з лікам 0:5 у матчы першага круга II Сусветнай групы Кубка федэрацыі.

У складзе гасцей адсутнічалі першая ракетка свету Вікторыя Азаранка (у ЗША яна прыехала, але спаслалася на недахоп часу для аднаўлення пасля траўмы спіны, атрыманай у фінале адкрытага чэмпіянату Аўстраліі) і капітан Сяргей Цяцерын, які знаходзіўся разам з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы. Анастасіі Якімавай, Вользе Гаварцовай і Дар’і Куставай не ўдалося выйграць хаця б гульню ў сясцёр Уільямс, а таксама Крысціны Макхейл і Лізэль Хубер. У красавіку беларускай зборнай трэба будзе правесці матч за права застацца ў II Сусветнай групе.

Выязная параза мінскіх дынамаўцаў з лікам 2:3 у Чэхаве ад адной з горшых каманд Кантынентальнай хакейнай лігі "Віцязя" , у складзе якога было адразу 9 гульцоў не старэй 1990 года нараджэння, выклікала незадаволенасць старшыні назіральнага савета мінскага "Дынама" Юрыя Бародзіча. Ён прыняў рашэнне аб мерах дысцыплінарнага ўздзеяння. Праўда, падрабязнасці і характар дысцыплінарных мер не ўдакладняюцца. Адначасова спартоваму дырэктару Ігару Матушкіну і галоўнаму трэнеру Марэку Сікору ўказана на неабходнасць унясення карэктываў у вучэбна-трэніровачны працэс. У чатырох гасцявых паядынках сталічная каманда пацярпела тры паразы ад славацкага "Льва", ад маскоўскага "Спартака" і цяпер ад "Віцязя" у Чэхаве, у актыве – толькі адна перамога ў Чарапаўцы над "Тарпеда". Мінчане прыкметна здалі пазіцыі ў турнірнай табліцы. "Дынама" апусцілася на 3-е месца сярод пяці каманд дывізіёна Тарасава. У табліцы Заходняй канферэнцыі мінчане апусціліся на 5-ы радок сярод 11 дружын.

Хакеісты салігорскага "Шахцёра" перапынілі 13-матчавую пераможную серыю лідара экстралігі жлобінскага "Металурга" ў адкрытым чэмпіянаце Беларусі, перамогшы “металургаў”- 5:3. Шасціразовыя чэмпіёны Беларусі хакеісты мінскага "Юнацтва" першы раз у цяперашнім чэмпіянаце краіны ўзялі верх над срэбраным прызёрам мінулага сезону гродзенскім "Нёманам" - 4:2, "Ліда" саступіла "Брэсту" - 3:5, а "Магілёў" пацярпеў паразу ад "Хіміка-СКА" - 2:4, "Металургс" ліепайскі быў мацней "Віцебска" - 3:2.

Шайба і галявая перадача беларускага форварда "Нэшвіла" Сяргея Касціцына дапамаглі яго камандзе абгуляць "Сэнт-Луіс" у хатнім матчы чэмпіянату НХЛ з лікам 3:1. Сяргей Касціцын гуляў у стартавым звяне разам з канадцам Майкам Фішэрам і чэхам Марцінам Эрата, а таксама прыцягваўся ў спецбрыгады па гульні ў меншасці.

Баскетбалісты "Мінска-2006" пацярпелі чарговую паразу ў матчах першага этапа Адзінай Лігі ВТБ. У Краснадары беларускі чэмпіён саступіў мясцоваму клубу "Лакаматыў-Кубань" з лікам 66:87. Гэта ўжо 12 параза мінчан у 12 праведзеных сустрэчах. Два наступныя паядынкі каманда Андрэя Крываноса правядзе на "Мінск-Арэне" - з краснаярскім "Енісеям" і піцерскім "Спартаком"

Валейбалісты мінскага "Будаўніка" няўдала правялі заключны хатні паядынак у Суперлізе адкрытага чэмпіянату Расіі. На пляцоўцы сталічнага Палаца спорту падначаленыя Мілана Жаркавіча прайгралі яраслаўскаму клубу "Яраславіч" з "сухім" лікам 0:3. Такім чынам, чэмпіёны Беларусі страцілі шанцы працягнуць барацьбу за ўзнагароды расійскага першынства, саступіўшы дарогу ў плэй-оф яраслаўцам.

Прагляд Вячаслава Глеба ў "Актобэ" да заключэння кантракта не прывёў. Казахстанскі клуб разышоўся мірам на турэцкім зборы з уладзівастоцкім "Лучом-Энергіяй" - 2:2. Беларускі футбаліст адгуляў першы тайм і забіў гол. Тым не менш ужо на наступны дзень Вячаслаў пакінуў "Актобе". Ён працягвае падшукваць новую каманду.

У чэмпіянаце Англіі па футболе ў цэнтральным матчы тура сустракаліся лонданскі "Чэлсі" і "Манчэстэр Юнайтэд”. Гаспадары вялі па ходу сустрэчы з лікам 3:0 дзякуючы аўтаголу Эванса і дакладным ударам Маты і Луіса, але толькі да 58 хвіліны, калі спачатку за справу ўзяўся Руні, які аформіў дубль, а зраўняў лік на 84 хвіліне гульні Эрнандэс 3:3.

Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя

 

Падзяліцца гэтай старонкай: