Зборная Беларусі па хакеі згуляе без капітана
У памяць загінулага ў авіякатастрофе Руслана Салея хакеісты зборнай Беларусі да чэмпіянату свету, які будзе праходзіць з 4-га па 20-га траўня ў Швецыі і Фінляндыі, будуць гуляць без капітана.
Пра гэта паведаміў галоўны трэнер беларускай дружыны Кары Хейкіля. У памяць Руслана Салея выступ без капітана вырашана працягнуць і на маючым адбыцца турніры чатырох нацый на прызы BelSwissBank і ў матчах Еўравыкліку, якія адбудуцца ў красавіку. У снежні на Кубку Аўстрыі зборная Беларусі гуляла з трыма асістэнтамі капітана, ролю якіх выконвалі Канстанцін Кальцоў, Аляксей Калюжны і Віктар Касцючонак.
Лідар баскетбольнай зборнай Беларусі Алена Леўчанка правядзе лета ў наймацнейшай лізе планеты заакіянскай жаночай НБА. Спартоўка падпісала кантракт з клубам жаночай НБА «Атланта Дрым", за які будзе выступаць у сезоне-2012. У ЗША беларуска адправіцца адразу пасля завяршэння чэмпіянату расійскай прэм'ер-лігі, дзе яна гуляе ў складзе аднаго з лідараў турніру УГМК з Екацярынбурга. Першы матч за амерыканскую каманду яна можа правесці 19 траўня супраць баскетбалістак з Індыяны. Алена Леўчанка ўжо выступала за «Атланту Дрым» ў сезоне-2010 і дайшла з ёй да фіналу плэй-оф, выйграўшы Усходнюю канферэнцыю.
Баскетбалісты "Мінска-2006" урэшце дамагліся першай перамогі ў матчах Адзінай лігі ВТБ. На пляцоўцы "Мінск-Арэны" чэмпіёны Беларусі абгулялі гасцей з краснаярскага "Енісея" - 91:84. У наступным туры 15 лютага "Мінск-2006" будзе прымаць аднаго з фаварытаў групы В піцерскі СКА.
Гродзенская "Алімпія" з перамогі стартавала ў розыгрышы 2 тура жаночай Балтыйскай лігі. У хатнім матчы групы "D" каманда выйграла ў кіеўскага Цім-СКУФ 92-73.
Валейбалісты мінскага "Будаўніка" не здолелі выйсці ў чвэрцьфінальную стадыю розыгрышу Кубка выкліку. У паўторным матчы 1/8 фіналу на паркеце мінскага Палаца спорту гаспадары выйгралі ў французскага "Рэна" з лікам 3:2. У першай гульні гэтых каманд у Францыі "Рэн" быў мацней - 3:1, і па суме дзвюх сустрэч выйшаў у чвэрцьфінал.
Былы паўабаронца зборнай Беларусі Дзяніс Коўба працягне кар'еру ва ўкраінскім клубе "Александрыя". Футбаліст падпісаў гадавое пагадненне. Пасля дваццаці тураў у чэмпіянаце Украіны "Александрыя" займае 14-е месца з шаснаццаці. У снежні ў Ковбы скончыўся тэрмін кантракту з самарскімі "Крыламі Саветаў".
Аляксей Вяргеенка будзе новым трэнерам маладзёжнай зборнай Беларусі. Па сутнасці, гаворка ідзе пра "маладзёжку" наступнага склікання. Нядаўна гэтая каманда пад кіраўніцтвам Вяргеенкі заняла другое месца на міжнародным турніры "Кубак Садружнасці".
Галоўны трэнер зборнай Англіі па футболе Фабіа Капэла падаў у адстаўку. Як мяркуецца, яна адбылася з-за таго, што Капэла выступіў супраць рашэння Асацыяцыі забраць капітанскую павязку ў Джона Тэры. 65-гадовы Капэла узначаліў зборную Англіі ў 2008 годзе, вывеў каманду на чэмпіянат свету 2010 года, дзе ангельцы выбылі з барацьбы ў 1/8 фіналу.
У фінале Кубка Іспаніі "Атлетык" згуляе з "Барселонай". Гэта стала вядома пасля таго, як каталонскі клуб на сваім полі перамог "Валенсію" - 2:0. У першым паўфінальным матчы Кубка Італіі "Ювентус" на выездзе абгуляў "Мілан" - 2:1. Зборная Кот-д’Івуара, з лікам 1:0 адолеўшы ў паўфінальным матчы каманду Малі, згуляе ў вырашальным матчы Кубка Афрыкі са зборнай Замбіі.
Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя
Фота interfax.by


















