Завершыўся адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе

Радыё Рацыя

На кортах "Мельбурн Парку" завершыўся першы ў гэтым сезоне турнір серыі "Вялікага шлема" - адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. У вырашальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду сербскі тэнісіст Новак Джокавіч перамог у цяжкім вырашальным паядынку іспанца Рафаэля Надаля - 5:7, 6:4, 6:2, 6:7, 7:5.

Сустрэча доўжылася 05 гадзін 53 хвіліны і стала самай доўгай у гісторыі фіналаў турніраў серыі Вялікага Шлема. У фінале жаночага адзіночнага разраду беларуска Вікторыя Азаранка выйграла ў расіянкі Марыі Шарапавай - 6:3, 6:0. У спаборніцтвах жаночых пар перамаглі расіянкі Святлана Кузняцова і Вера Званарова, індыйска-чэшскі тандэм Леандэр Паес - Радэк Штэпанек былі лепшымі ў спаборніцтвах мужчынскіх дуэтаў, а ў міксце першынствавалі амерыканка Бетані Матэк-Сандс і румын Хорыа Тэкау.

Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ў гасцях славацкаму "Льву" у першым паядынку пяціматчавай выязной серыі чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі з лікам 4:3. У складзе мінскай дружыны закінутымі шайбамі адзначыліся Лайнэ, Дрозд і Міхалёў. Выязную серыю “дынамаўцы” працягнуць візітамі да "Северсталі" ў Чарапавец, да маскоўскага "Спартака", чэхаўскага "Віцязя" і ніжагародскага "Тарпеда". Мінскае "Дынама" займае 1-е месца сярод 5 каманд дывізіёна Тарасава і 2-е сярод 11 дружын ў Заходняй канферэнцыі.

У 47-м туры адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі жлобінскі "Металург" выйграў у гасцях у "Гомеля" - 2:1, "Юнацтва" перамагло ў серыі булітаў "Брэст" - 3:2, "Шахцёр" разграміў "Хімік-СКА" - 6:2, а "Ліда" не пакінула шанцаў "Віцебску" - 7:2, "Магілёў" саступіў " Металургсу" у серыі булітаў - 2:3.

Гандбалісты Даніі выйгралі мужчынскі чэмпіянат Еўропы ў Бялградзе. У фінале зборная Данія перамагла каманду Сербіі - 21:19. Бронзавыя медалі заваявалі харваты, абгуляўшы іспанцаў у матчы за трэцяе месца - 31:27. У Бялградзе таксама адбылася жараб'ёўка матчаў плэй-оф чэмпіянату свету 2013 года. Зборная Беларусі ў двух паядынках за выхад у фінальную стадыю сусветнага першынства сустрэнецца з камандай Славакіі. Першую гульню каманда Юрыя Шаўцова правядзе ў гасцях гэтым летам. На цяперашнім кантынентальным першынстве славакі гулялі няўдала, не здолеўшы выйсці з групы, саступіўшы датчанам, палякам і згуляўшы ўнічыю з сербамі. Зборная Польшчы пазмагаецца за выхад у фінальны турнір чэмпіянату свету з Літвой.

Міжнародным саюзам веласіпедыстыў прынята рашэнне па правядзенні ў Беларусі Чэмпіянату свету па веласіпедным спорце на трэку ў 2013 годзе. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту Аляксандр Мураўёў па выніках праведзенага галасавання.

Моладзевая зборная Беларусі па футболе пацярпела паразу ад каманды Расіі з лікам 0:2 у фінальным матчы міжнароднага турніру "Кубак Садружнасці", які прайшоў у Санкт-Пецярбургу.
Спаборніцтвы былі арганізаваны ў 20-ы раз. Упершыню ў іх удзельнічалі моладзевыя зборныя, а не клубы - пераможцы нацыянальных чэмпіянатаў краін былога СССР.

На футбольным Кубку Афрыкі зборная Замбіі, абгуляўшы каманду Экватарыяльнай Гвінеі з лікам 0:1, выйшла ў 1/4 фіналу. Дарэчы ў чвэрцьфінал з другога месца ўслед за Замбіяй трапіла і Экватарыяльная Гвінея. Лівія перамагла Сенегал 2:1, але гэтыя каманды застаюцца па-за межамі турніра.

Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя

Фота sports.ru

 

Падзяліцца гэтай старонкай: