"Зараніца" выступіла з новым музычным праектам у Крынках
Традыцыйныя беларускія песні ў выкананні дуэта "Зараніца" прагучалі ў Доме культуры ў Крынках.
Гэта новы музычны праект “Надзея – музычны фальклор вёскі Пірожкі”.
Як кажа ўдзельніца дуэта Яанна Чабан, на кружэлку трапілі песні, характэрныя для ўсёй Сакольшчыны:
- Гэтыя песні прывозілі з бежанства за часамі Расійскай імперыі, пад Польшчай вучылі польскія песні, пасля былі саветы, якія вучылі савецкім песням. Я маю кніжачкі з запісамі старэйшых людзей, дзе ёсць нават нямецкія песні, якія вучылі падчас другой сусветнай вайны. Гістарычныя падзеі ўплывалі на рэпертуар, з гэтага складаецца спецыфічная культура гэтага рэгіёна.
Дуэт “Зараніца” - гэта Яанна Чабан і Алена Пухальская, якія збіраюць і апрацоўваюць песні ваколіц Крынак ды паўночнага Падляшша. Дуэт рыхтуе чарговы альбом. Гэтым разам прысвечаны польска-беларускім песням з 19-га стагоддзя з вёскі Гарчакі каля Саколкі.
Лукаш Леанюк, Радыё Рацыя.
Фота ewazwierzynska.pl


















