Якаўлеўскі: Спадзяюся, візіт Віганда меў дыпламатычны сэнс

Радыё Рацыя

Сёння адбылася сустрэча пасланца еўрапейскай супольнасці Гунара Віганда з прадстаўнікамі беларускай улады і грамадскасці. Гэтую падзею карэспандэнт радыё Рацыя Зміцер Косцін абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Раманам Якаўлеўскім.

РР: - Ці можна лічыць, што гэта першы крок да так званага наладжвання дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Бруселем?

Раман Якаўлеўскі:
- Хачу, па-першае, удакладніць, што гэта не афіцыйны, а працоўны візіт. Хаця і звычайным яго цяжка назваць, бо падчас гэтага візіту сустракаўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. І вось гэта сустрэча падкрэслівае тое, што візіт меў, як гэта можа здацца, асобны сэнс, які застаўся невядомым і пра які можна толькі дагадвацца. Безумоўна, я спадзяюся, што гэта мела дачыненне да палітзняволеных і былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца за кратамі. Я маю на ўвазе Андрэя Саннікава, Міколу Статкевіча і астатніх палітвязняў. Ці можна лічыць гэта нейкім крокам да дыялогу? Я б сказаў, што гэта не перамовы, а працоўныя кантакты, якія былі заўсёды, і пасля 19 снежня таксама. Іншая справа, што падчас вядомых нам і ў большай ступені невядомых кантактаў там вырашалася. Дык вось, апошнія падзеі, калі нам стала вядома, што Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка падалі прашэнне на памілаванне, могуць сведчыць пра тое, што нейкія захады беларускі рэжым робіць. Але хачу адзначыць, што, паводле апошніх звестак, якія мы чулі, крыху здзіўляе тое, што Саннікаў адмовіўся ад сустрэчы з прадстаўнікамі Пракуратуры. Пэўна, ідуць працэсы, пра якія нам невядома. І што датычыцца з'ўлення гэтага еўрачыноўніка, дык я хацеў бы нагадаць, што так званы дыялог паміж Бруселем і Мінскам праваліўся пасля падзей 19 снежня. І беларускі бок імкнецца нейкім чынам яго разарваць. Але нам вядомы ўмовы гэтага дыялогу. Гэта, у першую чаргу, вызваленне палітзняволеных і іх рэабілітацыя. Ідзе чарговая гульня афіцыйнага Мінска, якая можа сведчыць аб тым, як бы там прапаганда не гаварыла, што санкцый Лукашэнка баіцца. Не толькі эканамічных, але і візавых.

РР: - З аднаго боку, прымаецца дырэктар дэпартамента Гунар Вігант, а з другога боку, прыходзіць інфармацыя пра тое, што ў Беларусь не ўпусцілі ўпаўнаважанага ўрада Нямеччыны па правах чалавека Маркуса Лёнінга. Чаму якраз Лёнінга не ўпусцілі? Вядома, што мінулым разам дыялог пачаўся паміж Мінскам і еўрапейскімі краінамі дзякуючы немцам.

Раман Якаўлеўскі:
- Я хачу нагадаць, што палітыка Лукашэнкі, звязаная з падзеямі 19 снежня і пасля, сама пахавала славутую "рэал палітык"  Германіі, дзякуючы якой Мінск "пудрыў мазгі" пэўны час як Захаду, так і Усходу. А чаму адмовілі Лёнінгу, дык вядома, пра што б амбудсмен, у адрозненні ад еўрачыноўніка, можа гаварыць з беларускімі чыноўнікамі, калі за кратамі былыя кандыдаты ў прэзідэнты. І я б яшчэ адзначыў, што апошнім часам ўвогуле стасункі паміж Мінскам і Берлінам цяжка назваць прыязнымі. Нагадаю, праваліўся беларуска-германскі мінскі форум. Гэта такая пляцоўка паміж дзвюма краінамі. Мне падаецца, што беларускія чыноўнікі забаранілі прыезд амбудсмена - хаця вядома, хто гэта забараніў -  і не ўлічваюць нават, што кішэня Еўразвяза знаходзіцца не ў Бруселі, а ў Берліне. І вось такія дрэнныя адносіны з Германіяй сёння не па віне германскага боку, тым больш, што Лёсінг вёз асабісты ліст ад Вестэрвелі, якога Лукашэнка асабіста абражваў неаднаразова.

Гутарыў Зміцер Косцін.

Фота mediamax.am

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле.

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: