Выйшла ў свет спецыялізаванае выданне "Дудар"

Радыё Рацыя

Пабачыў свет першы нумар часопіса, прысвечанага беларускай дудзе. Глянцавае выданне пад назваю «Дудар» з’яўляецца першым у гісторыі беларускай музыкі спецыялізаваным выданнем, прысвечаным беларускай дудзе.

Першы нумар выдання змяшчае фотаматэрыялы, даследаванні і артыкулы, прысвечаныя старадаўняму беларускаму народнаму інструменту. Часопіс «Дудар» быў выдадзены пры садзейнічанні гістарычнага цэнтра «Явар» і пры падтрымцы малых грантаў амбасады ЗША ў Мінску.

Матэрыялаў для перыядычнага выдання настолькі шмат, што ўжо амаль гатовы другі нумар часопіса. Але калі ён будзе выдадзены -- сказаць цяжка, як зазначае адна з супрацоўніц выдання, музыка гурту «Стары Ольса» Марыя Шарый.

- Гады чатыры ішла размова пра тое, каб выдаць такі часопіс. Нарэшце, гэта мара здзейснілася. Пакуль мы не маем сродкаў, каб выдаць другі нумар. Але робім усе намаганні, каб ён выйшаў.

Першы ж нумар «Дудара» будзе прэзентаваны беларускай публіцы на бліжэйшай сустрэчы дударскага клуба, якая адбудзецца ўжо сёння, 8-га лютага. Традыцыйна імпрэза пройдзе ў мінскім клубе «Re:Public». Чакаюцца выступы беларускіх дудароў, гуртоў сярэдневечнай музыкі, якія выкарыстоўваюць дуду ў сваіх выступах, а таксама расповяд пра першае спецыялізаванае выданне - часопіс «Дудар».

Першы нумар часопіса кожны з наведвальнікаў імпрэзы атрымае ў падарунак ад беларускага дударскага клуба.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя.
 

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: