Вікторыя Азаранка афіцыйна стала першай ракеткай планеты
У апублікаваным новым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) 22-гадовая мінчанка паднялася на два радкі ў параўнанні з папярэднім спісам і займае 1-е месца.
Гэтага поспеху лепшая беларуская тэнісістка дамаглася ўпершыню, перамогшы ў Мельбурне на першым у гэтым сезоне турніры ў серыі «Вялікага шлема» - адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі.
У канадскай Атаве адбыўся Матч зорак Нацыянальнай хакейнай лігі. Каманда, капітанам якой выступіў абаронца "Бостан Бруінс" Здэна Хара, апынулася мацнейшай за тую, якую сабраў нападнік "Атавы Сенатарс" Даніэль Альфрэдсан. Матч завяршыўся з лікам 12:9. MVP матчу прызналі Мар'яна Габорыка з каманды Хары: хакеіст закінуў тры шайбы і зрабіў выніковую перадачу.
Беларускі форвард «Таронта» Міхаіл Грабоўскі прызнаны першай зоркай тыдня ў НХЛ. У двух матчах 27-гадовы нападнік «кляновых лісцяў» набраў 5 ачкоў, паведамляе афіцыйны сайт лігі.
Нападнік нацыянальнай зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна блізкая да пераходу ў сталічны "Гарызонт". Баскетбалістка паведаміла, што дасягнула папярэдняй дамоўленасці з чэмпіёнам Беларусі і далучыцца да яго шэрагаў як толькі будуць уладжаныя фармальнасці па кантракце. Сталічны клуб ужо ўнёс Сныціна ў заяўку на астатнюю частку чэмпіянату. Некалькі тыдняў таму па ўзаемнай згодзе спартоўка сышла з арэнбургскай "Надзеі", колеры якой абараняла на працягу некалькіх сезонаў.
Сёння можа быць прынятае рашэнне па датэрміноваму скасаванню кантракту Аляксандра Глеба з "Барселонай", які дзейнічае да чэрвеня гэтага году. Гэта адбудзецца па ўзаемнай згодзе бакоў. Такім чынам, Глеб атрымае статус вольнага агента, што прыкметна спросціць яму працаўладкаванне. У гэтым выпадку беларус не будзе залежыць ад тэрмінаў працы трансферных рынкаў ні ў Заходняй Еўропе, дзе дзверы як раз зачыняцца, ні ў Расіі, дзе акно закрываецца 24 лютага, і зможа знайсці новы клуб у любы момант.
Футбалісты мінскага "Дынама" на трэніровачным зборы ў турэцкай Антальі правялі першы таварыскі матч. У паядынку з адным з самых тытулаваных клубаў Польшчы варшаўскай "Легіяй" каманда новага настаўніка мінчан Аляксандра Сяднёва саступіла з мінімальным лікам 0:1. Адзіны мяч у вароты дынамаўцаў забіў паўабаронца Януш Гол. Наступны матч на першым турэцкім зборы мінчане правядуць 1 лютага з азербайджанскім "Баку".
Футбалісты мінскага МАПІДа перамаглі ў розыгрышы Кубка Беларусі па міні-футболе. У вырашальным кубкавым матчы каманда Уладзіміра Ігнаціка абгуляла на пляцоўцы лідскага спарткомплексу «Алімпія» мясцовы «Лідсельмаш» з мінімальным лікам 1:0.
Вызначыліся першыя дзве пары 1/4 фіналу Кубка Афрыкі. Пасля матчаў заключнага, 3-га, тура ў групе "B", дзе Кот-д’Івуар перамог Анголу - 2:0, а Судан перайграў Буркіна-Фасо - 2:1, стала вядома, што першыя чвэрцьфінальныя пары гэта Замбія - Судан, Кот-д’Івуар - Экватарыяльная Гвінея.
Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя
Фота reporter.by


















