Віктар Ганчарэнка ў спісе лепшых футбольных трэнераў

Радыё Рацыя

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка трапіў у спіс лепшых футбольных трэнераў XXI стагоддзя. Адзіны прадстаўнік Беларусі ў гэтым рэйтынгу дзеліць месцы са 166 па 171. Галоўны трэнер ангельскага «Манчэстэр Юнайтэд» Алекс Фергюсан заняў першае месца.

Шатландзец, які ўзначальвае «МЮ» з 1986 года з мінімальнай перавагай, апярэдзіў трэнера лонданскага «Арсенала» Арсена Вянгера. Трэцяе месца заняў трэнер мадрыдскага «Рэала» Жазэ Маўрынью.

Футбалісты барысаўскага БАТЭ паспяхова правялі першы спарынг на трэніровачным зборы ў турэцкім Белеку. Чэмпіёны Беларусі выйгралі ў чэмпіёна Малдовы кішынёўскага клуба "Дачыя" з лікам 3:2. Каманда Віктара Ганчарэнкі прабудзе у Белеку да 12 лютага і правядзе яшчэ некалькі кантрольных гульняў.

Экс-абаронца зборнай Беларусі Эдуард Жаўнераў, правы на якога належаць мінскаму "Дынама", рыхтуецца адбыць на прагляд у гродзенскі "Нёман", які праводзіць трэніровачны збор у Турцыі. Жаўнераў не патрапіў у выязны склад "бела-блакітных", які таксама працуе ў турэцкіх краях. Генеральны дырэктар "Дынама" Валер Стральцоў паведаміў, што футбаліст працягне падрыхтоўку да сезону разам з дублёрамі каманды. Пры гэтым ён не выключыў, што Жаўнерава аддадуць у арэнду.

Трэнерскі штаб "Брэста" папоўніў вядомы беларускі спецыяліст Уладзімір Курнеў, які стаў адным з памочнікаў рулявога Сяргея Кавальчука. Большую частку мінулага сезону Курнеў быў галоўным трэнерам мінскага "Партызана", які выступаў у другім дывізіёне. Афіцыйная фармулёўка той адстаўкі гучала проста - па пагадненні бакоў. У кар'еры Курнева ужо быў брэсцкі перыяд. У 2004 годзе спецыяліст працаваў на пасадзе галоўнага трэнера "Дынама".

Хакеісты мінскага "Дынама" паразай з лікам 3:2 ў Ніжнім Ноўгарадзе мясцоваму «Тарпеда» завяршылі пяціматчавую выязную серыю ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. У складзе «Дынама» шайбы закінулі Корса і Падградскі. У пяці паядынках гасцявога турнэ дынамаўцы набралі ўсяго 3 ачкі з 15 магчымых і адкаціліся на 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі.

Беларусы Уладзімір Самсонаў і Вікторыя Паўловіч сталі бронзавымі прызёрамі на міжнародным турніры па настольным тэнісе "Топ-12 Еўропы", які прайшоў у французскім Віллербане. Абодва прадстаўніка Беларусі дайшлі да паўфінальнай стадыі. У мужчынскім турніры Уладзімір Самсонаў заняў першае месца ў сваёй групе. А ў паўфінале саступіў расейцу Кірылу Скачкову - 3:4. Пераможцам турніру стаў прадстаўнік Нямеччыны Дзмітрый Аўчараў, які ў фінале пераканаўча абгуляў расіяніна Кірыла Скачкова - 4:0. У жаночым турніры Вікторыя Паўловіч таксама заняла першае месца на папярэднім этапе, а ў паядынку за выхад у фінал саступіла будучай пераможцы Цзядуо Ву з Нямеччыны - 2:4.

Вядомы іспанскі велагоншчык Альберта Кантадор дыскваліфікаваны на два гады за ўжыванне допінгу. Такое рашэнне прыняў Спартовы арбітражны суд. Акрамя таго, Міжнародны саюз веласіпедыстаў дамагаецца, каб трохразовы пераможца "Тур дэ Франс" быў падвергнуты яшчэ і фінансаваму пакаранню. Калі гэта патрабаванне будзе задаволена, то Кантадору прыйдзецца выплаціць штраф у памеры каля 2,5 мільёнаў еўра. Альберта Контадор быў абвінавачаны ва ўжыванні забароненага прэпарата кленбутэрола летам 2010 года. Пачынаючы з гэтага часу перамогі на "Тур дэ Франс" і "Джыра д'Італія" прызнаныя несапраўднымі.

Антон Разумоўскі Радыё Рацыя

Фота batosha.net
 

Падзяліцца гэтай старонкай: