Украінская імпрэза ў падтрымку Аўтуховіча
Ва Украіне ўзгадалі беларускіх палітычных вязняў. У Кіеве пры падтрымцы мясцовых грамадскіх аб’яднанняў адбыўся паказ фільма, прысвечанага Мікалаю Аўтуховічу. Імпрэза была арганізавана ў трэцюю гадавіну сілавога захопу ваўкавыскага прадпрымальніка.
З вядомых асобаў удзел у вечарыне прынялі намеснік старшыні Народнага руху Украіны Іван Крулько, а таксама каардынатар камітэта вызвалення палітвязняў Мікола Каханіўскі. Па словах арганізатара імпрэзы Вячаслава Сіўчыка, у выступах усіх удзельнікаў гучала занепакоенасць лёсам Міколы Аўтуховіча, а таксама іншых беларускіх палітычных вязняў.
- Справа ў тым, што тры гады як за краты трапіў Мікалаў Аўтуховіч. Натуральна, мы не маглі прайсці міма гэтай даты. Спачатку быў паказаны слайд-фільм Вольгі Мікалайчык. Вступаў намеснік старшыні Народнага руху Украіны Іван Крулько. З беларускага боку таксама было некалькі выступаў, у тым ліку мой і Юрася Карэтнікава. Шмат цікавага там прагучала, напрыклад, з ініцыятывы Міколы Каханіўскага было накіравана больш 30 лістоў Яўгену Васьковічу з Украіны.
Па словах Вячаслава Сіўчыка, прадстаўнікі Моладзевага народнага руху Украіны выказалі асаблівую заклапочанасць лёсам лідара "Маладога Фронту" Зміцера Дашкевіча і яго паплечніка Эдуарда Лобава.
Усе ўдзельнікі імпрэзы выказалі сваё захапленне мужнасцю беларускіх змагароў, як палітвязняў і іх родных, так і рэжысёрам фільма. Пасля кожнага выступу на вечарыне салідарнасці гучалі беларускія песні барда Андрэя Касмовіча.
Радыё Рацыя
Фота svaboda.org


















