У. Пуцін: Паміж Расіяй і Беларуссю няма інфармацыйнай вайны

Паміж Расіяй і Беларуссю няма інфармацыйнай вайны, заявіў прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

24 ліпеня Уладзімір Пуцін адказваў на пытанні журналістаў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам.

– Я не бачу ніякай інфармацыйнай вайны. Магчыма, таму, што я мала чытаю перыёдыкі ці мала апошнім часам гляджу электронныя сродкі масавай інфармацыі? Але я ўсё ж стараюся знаёміцца з гэтым у штодзённым рэжыме. (...) Я не бачу ніякіх прыкмет якой бы там ні было вайны, якіх бы там ні было баявых дзеянняў. (...) Нашы калегі, калі з’яўляюцца нейкія вострыя матэрыялы, чамусьці думаюць, што яны кімсьці ініцыяваны. Але гэта не так. Маса нейкіх падводных плыняў, я нават не паспяваю за ўсім гэтым сачыць. Ну, з'явіліся нейкія вострыя матэрыялы — што зараз? Самая лепшая рэакцыя на такія матэрыялы — калі хтосьці лічыць, што яны несправядлівыя, — адказваць таксама ў інфармацыйнай прасторы.

Па словах Уладзіміра Пуціна, Расія і Беларусь дамовіліся па ўсіх пытаннях, нягледзячы на вострую палеміку, якая ішла паміж беларускімі і расійскімі энергетыкамі. Гэта, паводле Уладзіміра Пуціна, сведчыць аб вялікім запасе трываласці з абодвух бакоў, паведамляе БелаПАН.