У Мінску ўшанавалі тых, хто стаяў у вытокаў суверэнітэту
Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы ў 20-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці краіны наведалі сталічныя могілкі, каб ускласці кветкі ды ўспомніць пра тых, хто стаяў ля вытокаў гэтай падзеі.
Сярод іх – народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў, віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Генадзь Карпенка, дэпутат Дзмітры Булахаў, летапісец той эпохі Уладзімір Кармілкін.
Паводле ўдзельніка мерапрыемства, гісторыка Ігара Кузняцова, пройдзе час і дзяржава ўспомніць пра тых людзей, якім лёс наканаваў стаяць каля вытокаў сучаснай беларускай незалежнасці. 20 гадоў у жыцці чалавека – гэта шмат часу, але для таго, каб дата ўвайшла ў гісторыю, школьныя падручнікі, патрэбны значна больш часу. У свядомасць маладых людзей, лічыць гісторык, гэтая дата ўвойдзе не хутка.
– Будзем спадзявацца, – сказаў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас, – што гэта тая ніжняя ўжо рыса, ад якой будзе пачынацца новы ўздым. Ёсць адчуванне неразумення таго, што трэба рабіць. Трэба зноў збірацца разам, як калісьці, і трэба выкарыстоўваць гістарычныя шанцы, гэта другі ўрок. Гісторыя дала шанец і вось гэтымі людзьмі, частка якіх ужо, на жаль, тут, на гэтых могілках, гэты шанец быў выкарыстаны. Трэба памятаць, што ўсё магчыма, нават сёння. Самыя фантастычныя рэчы могуць рабіцца рэальнасцю – трэба толькі мець волю і трэба яднацца.
– 20 гадоў таму, – сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, – быў здзейснены сапраўды рашучы паварот на шлях адраджэння нашай нацыянальнай дзяржаўнасці, паварот на дзяржаўным узроўні. Тыя рэчы, якія былі закладзены дэкларацыяй, той паварот у грамадскай думцы, ён адыгрывае сваю ролю і ён забяспечыў незваротнасць на сённяшні момант існавання нацыянальнай беларускай дзяржавы.
Дзяржаўныя структуры і сродкі масавай інфармацыі пра 20-годдзе прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі нават і не ўзгадалі.
* * *
У час наведвання грамадскімі дзеячамі месцаў памяці ў Мінску, на плошчы Якуба Коласа міліцыя затрымала некалькі чалавек, сярод якіх Вячаслаў Сіўчык, Мікола Дземідзенка, Андрэй Кім і Кацярына Давыдзік.
Кастусь Вансяцкі, Радыё Рацыя












