У Мінску судзяць дэмакратычных актывістаў
У Cавецкім судзе Мінска павінны разгледзець справы актывістаў, затрыманых вечарам 27 ліпеня падчас ускладання кветак да помніка Якубу Коласу - Вячаслава Сіўчыка, Андрэя Кіма, Мікалая Дземідзенкі і Кацярыны Давыдзік.
Затрыманых у Мінску удзельнікаў акцыі з нагоды 20-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі абвінавачваюць у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП) - паведаміў лідар моладзі БНФ Андрусь Крэчка. Па яго словах, амапаўцы схапілі актывістаў і адвезлі ў Савецкі РАУС, потым перавезлі ў апорны пункт.
Андрэй Крэчка паведаміў, што Вячаслаў Сіўчык, калі яго выводзілі з пункта аховы правапарадку, выглядаў збітым, міліцыянты да затрыманых ставіліся вельмі груба. Позна вечарам іх перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Ім перададзены вада і лекі.
Таксама была спроба затрымаць падчас акцыі намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, але гэта не ўдалося, дзякуючы іншым удзельнікам мерапрыемства.
Каля будынка Савецкага суда Мінска знаходзіцца каля 20 чалавек - паведаміў сустаршыня БХД Аляксей Шэін. Па яго словах, пад дробным хуліганствам маецца на ўвазе тое, што нібыта затрыманыя актывісты лаяліся матам. Артыкул 17.1 прадугледжвае штраф ад 2 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.
Радыё Рацыя












