У Мінску і Гомелі Таццяны адзначалі свой дзень

Радыё Рацыя

Беларускія паэткі і спявачкі, сябры паэтычнага тэатра "Арт-С" адсвяткавалі можа і не беларускага паходжання, але добра вядомае ў Беларусі свята – Дзень Таццяны.

Творчыя асобы з такім іменем сабраліся разам у зале мінскага музея імя Максіма Багдановіча, каб прэзентаваць сваю творчасць публіцы. І хоць творчыя памкненні Таццян аказаліся самымі разнастайнымі, вечар атрымаўся надзвычай гарманічным, мяркуе адна з удзельніц вечарыны беларуская бард-рок музыка Таццяна Беланогая (фота):

– Нельга сказаць, што імя даецца проста так – яно вельмі ўплывае ў пытаннях творчасці, кахання. Таццяны – яны вельмі дзейсныя, актыўныя, прыгожыя, у іх вочы разумныя, я б сказала – глыбокія.

Як маглі заўважыць усе наведвальнікі імпрэзы "Таццянін дзень", у паэтычным тэатры "Арт-С" аказалася нямала творчых асобаў з іменем Таццяна. На імправізаваную сцэну гэтым вечарам выходзілі Таццяна Барысюк, Таццяна Будовіч, Таццяна Грыневіч-Матафонава, Таццяна Беланогая ды шмат іншых творцаў, спалучыла якіх менавіта імя.

Усе прысутныя выказалі спадзяванне на тое, што святкаванне гэтага дня, які ў паэтычным тэатры "Арт-С", дарэчы, адзначаецца ўжо другі раз, стане традыцыйным і ўсе Таццяны ізноў сустрэнуцца на сцэне тэатру праз год.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

* * *

На святкаванні Дня Таццяны ў Гомелі таксама прысутнічаў наш карэспандэнт.

Дзень заснавання Маскоўскага ўніверсітэта, больш вядомы пад назвай Таццянін дзень, па савецкай завядзёнцы лічыцца святам студэнцтва. У культурных і адукацыйных установах Гомеля з гэтай нагоды адбыліся тэматычныя мерапрыемствы. Аднак некаторыя гамельчукі перакананыя, што Таццянін дзень не мае аніякага дачынення да беларускага студэнцтва.

У Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы ў Таццянін дзень панавала ажыўленне. Яно і зразумела: у бібліятэцы адкрывалі адразу некалькі мерапрыемстваў, прадстаўлялі зніжкі на платныя паслугі для ўсіх Таццянаў. Ды яшчэ апынулася, што дырэктара бібліятэкі таксама завуць Таццянай. Намесніца дырэктара бібліятэчнай сістэмы Жана Еўдачэнка назвала гэта неверагодным супадзеннем:

– У дзень Таццяны у нас адкрываецца выстава Таццяны Барысавай і Івана Папова – гэта сямейная пара – вядомыя гомельскія мастакі. Таксама адкрываецца выстава Таццяны Рымашэўскай – графіка. У нас сёння адбудзецца пасяджэнне салона-сустрэчаў “На замкавай”. Усе гэтыя мерапрыемствы – у Дзень Таццяны і прысвечаныя Таццянам. А яшчэ дырэктар наш таксама Таццяна -- Таццяна Уласава. Для ўсіх Таццянаў і для нашых чытачоў-студэнтаў прадстаўляем зніжкі на дадатковыя платныя паслугі, то бок у бібліятэцы можна скарыстацца платнымі паслугамі па 50% кошце. Тым самым мы віншуем нашых чытачоў і ўсіх Таццянаў і студэнтаў, якія зойдуць да нас у бібліятэку, з гэтым днём.

Гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў лічыць, што продкі беларускіх студэнтаў наўрад ці мелі дачыненне да падпісання 25 студзеня расейскай імператрыцай Лізаветай указу аб стварэнні ўніверсітэта ў Маскве.

– Усе сродкі масавай інфармацыі транслююць менавіта расейскі погляд на традыцыі сьвяткавання так званага Дня студэнта. І мала хто задумваецца, што Лізавета Пятроўна не мела ніякага дачынення да Беларусі, таму што Беларусь на той момант (у 1755 годзе) была ў складзе зусім іншай дзяржавы, – зазначыў Сяргей Балахонаў.

Мастак Іван Папоў, які ў Таццянін дзень адкрываў выставу ў Гомельскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы:

– Проста стала традыцыяй адзначаць гэты дзень не толькі як дзень усіх Таццянаў, але і як дзень усіх студэнтаў. Гэта добрая традыцыя, якая перайшла і на нашую землю з савецкіх часоў. Чаму б і не? Падаецца, добрае свята. Студэнты могуць адцягнуцца дадаткова.

Дацэнт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны Віктар Адзіночанка:

– Кожная дата, кожная падзея звязаная з той ці іншай традцыяй. Дык вось: Таццянін дзень звязаны з рускай традыцыяй, з рускай культурай, а не з нашай.

Карэспандэнт: “Калі б прыдумваць дзень беларускага студэнта, якую б дату можна было б узяць за аснову?”

Іван Папоў:

– Я не бачу ў гэтым абсалютна аніякага сэнсу. Для чаго? Калі ёсць добры дзень, які ўжо адзначаецца 25 студзеня. Гэта час вадалеяў. У мяне праз тры дні дзень нараджэння. Я не супраць, каб Дзень студэнта, дзень Таццяны адзначаўся акурат побач з маім днём нараджэння.

Віктар Адзіночанка:

– У якасці альтэрнатыўнага варыянту святкавання можа быць дата заснаваная Гарадзенскай медыцынскай акадэміі, альбо Горы-Горацкай акадэміі, альбо Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але я лічу, каб гэта была такая мясцовая, аўтэнтычная традыцыя, то лепш за ўсё, калі студэнты кожнай ВНУ будуць святкаваць дату заснавання сваёй вышэйшай навучальнай установы. Гэта можна параўнаць з Днём нараджэння чалавека. Вядома, што кожны святкуе свой Дзень нараджэння. І было б дзіўна, калі б чалавек замест свайго дня нараджэння святкаваў дзень нараджэння іншага.

Сяргей Балахонаў:

– Ёсць дата 30 кастрычніка. У гэты дзень у 1579 годзе адкрылася Віленская Акадэмія – у прынцыпе тая ўстанова, якая пазней стала ўніверсітэтам. А ў гэты ж дзень у 1921 годзе (такое супадзенне) адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Гэтая дата – 30 кастрычніка – у прынцыпе і магла б стаць афіцыйным днём беларускага студэнта. Прычым тое, што дата адна, то яе можна было б звязваць і з глыбокай, і з блізкай нацыянальнай гісторыяй. А неафіцыйным днём беларускага студэнта я бы прапанаваў зрабіць дзень, калі Францішак Скарына ў Падуанскім універсітэце ў 1512 годзе паспяхова вытрымаў іспыт на ступень доктара медыцыны.

Гэта здарылася 9 лістапада. Гомельскі дзяржаўны універсітэт, нягледзячы на тое, што носіць імя першадрукара Скарыны, таксама зладзіў мерапрыемствы, прысвечаныя дню стварэння Маскоўскага універсітэта. У Таццянін дзень каля галоўнага корпуса ГДУ імя Скарыны з’явілася бронзавая скульптура студэнткі.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель.

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

ДадатакПамер
Сюжэт пра Дзень Таццяны ў Гомелі914.31 КБ
Падзяліцца гэтай старонкай: