У Гродне вучыліся танцаваць пад дуду (фота)
Больш за сто наведвальнікаў патрапіла на Аднадзённую выставу беларускай дуды ў Гродне. Акцёры “Шальмоўскага тэатра ДыГрыза” з Мінска распавялі пра паходжанне і гісторыю дуды, пераканальна растлумачылі, што яна павінна быць адным з сімвалаў, якія характарызуюць Беларусь.
Паказалі фатаздымкі ды ўрывак з фільма «Старыя інструменты Беларусі», рэжысёрам якога быў славуты дудар і музыказнаўца з гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі.
Пра ідэю стварэння выставы распавёў Аляксей Бурнасенка, кіраўнік “Шальмоўскага тэатра ДыГрыза”.
- Гэтая ідэя нарадзілася каля года таму як ідэя вялікага праекта. Называецца Тыдзень дударскай музыкі і мы змаглі арганізаваць гэтую вялікую колькасць мерапрыемстваў: вялікі Дударскі фэст, куды прывезлі тры замежныя гурты, мы наведалі шмат краін, мы запісалі шмат новай інфармацыі па дудах, якая была прэзентавана разам з нашымі вандроўкамі, мы зрабілі яшчэ адзін невялікі дударскі фэст у Дудутках увосень, некалькі вечарын і канцэртаў у Мінску, і тут у Гродна быў самы лепшы прыём.
Сярод самых уважлівых удзельнікаў была праведзена віктарына з прызамі. Завяршылася выстава майстар-класам па старажытных танцах пад дуду.




Юлія Катаржынская, Радыё Рацыя. Фота аўтара.


















