У Беласток прыехалі Анемпадыстаў, Акудовіч і Мацкевіч
Беларускае аб'яднанне студэнтаў сёння, 26 чэрвеня, запрашае на дыскусію “Факты і міты пра беларускую культуру”, у якой возмуць удзел мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў і філосафы Валянцін Акудовіч ды Уладзімір Мацкевіч.
Міхал Анемпадыстаў паведаміў, што яны па дарозе ў Беласток абмяркоўвалі гэтую тэму і форму дыскусіі, але ўсё будзе залежыць ад аўдыторыі, якая збярэцца на дыскусію:
- Любая размова цікавая тады, калі прыходзяць на яе людзі і калі людзі прыходзяць цікавыя, калі адбываецца гэтая гаворка. Бо гэта ж не лекцыя, а размова, дыскусія з наведнікамі імпрэзы. Мы будзем імправізаваць, у нас ёсць некалькі варыянтаў развіцця гэтай дыскусіі, але я не магу зараз сказаць, як гэта будзе развівацца, усе залежыць ад людзей, якія прыйдзуць на сустрэчу.
Дыскусія пачнецца а 17-й гадзіне ў беластоцкай кавярні “Капелювак.” Паводле слоў старшыні Беларускага аб’яднання студэнтаў Касі Кузьміч, імпрэза арганізуецца з мэтаю, каб пашырыць веды пра беларускую культуру ў Беластоку.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя.
* * *
У Беластоку ў рамках BEFORE BASOWISZCZA, імпрэзы, якая папярэжвае музычны рок-фестываль "Басовішча" адбываецца публічная дыскусія адносна сучаснай беларускай культуры.
Мэта сустрэчы паводле старшыні студэнцкага аб’яднання Касі Кузьміч, – пазнаёміць маладых палякаў з беларускай культурай ды выклікаць дыскусію.
- Запрошаныя тры асобы – тры вядомыя беларускія прозвішчы – Анемпадыстаў, Акудовіч і Мацкевіч. Вырашылі запрасіць гэтых людзей, таму што хочам, каб сёння адбылася нейкая дыскусія, каб ствараліся новыя тэзы на конт беларускай культуры. Думаю, дзякуючы гэтым асобам, гэта будзе магчыма. Будзе цікава паслухаць гэтых людзей палякам, якія прыйдуць на сустрэчу.
Фестываль музыкі Маладой Беларусі «Басовішча 2011» сёлета пройдзе 22-24 ліпеня ў Гарадку на Беласточчыне.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.


















