Транспартны калапс паміж Гомелем і Мінскам
Чыгуначны рух паміж Мінскам і Гомелем практычна паралізаваны. Два самыя вялікія гарады Беларусі спалучаюць толькі міжнародныя транзітныя цягнікі. З 7 па 9 лютага і з 21 па 23 лютага адменены ўсе гомельскія цягнікі. Праблемы з чыгуначным транспартам назіраліся таксама ў мінулым месяцы.
Як паведамляюць на беларускай чыгунцы, адмена большасці маршрутаў звязана з рамонтам моста праз раку Бярэзіну каля Бабруйска. У зале чакання на чыгуначным вакзале ў Гомелі некаторыя грамадзяне па 6 гадзінаў праводзяць час да ад’езду цягніка.
Два хлопцы каля чыгуначнага вакзала “Гомель”:
-- Мы прыехалі з Сочы. Вось ужо дзве гадзіны чакаем цягніка. А ён прыедзе яшчэ толькі праз чатыры гадзіны. Да нас падыходзілі таксісты і прапаноўвалі ехаць на аўто. Дык цана такой паездкі – 50 даляраў з чалавека. Вось нас чацвёра. Калі ехаць на машыне, то трэба заплаціць 200 умоўных адзінак.
Гомельскі аўтавакзал у сувязі з праблемамі на чыгунцы ўвёў дадатковыя рэйсы аўтобусаў і маршрутак. Аднак цэны на такі від транспарту ў чатыры разы даражэйшыя за чыгуначны. Калі цана квітка ў купэйны вагон складае 24 тысячы, то паездка на маршрутцы ці аўтобусе абыйдзецца ад 77 тысячаў да 92 тысячаў беларускіх рублёў.
Падчас рамонту моста праз Бярэзіну гамяльчук Вячаслаў Бортнік дабіраўся да абласнога цэнтра са сталіцы 8 гадзінаў. На ягоную думку, падобнае спалучэнне паміж гарадамі недапушчальнае.
Вячаслаў Бортнік:
-- Такая сітуацыя, як у Беларусі зараз з чыгуначным транспартам, была ў ЗША напрыканцы 19 стагоддзя. Я быў у Вашынгтоне. Дыстанцыя паміж Вашынгтонам і Нью-Ёркам троху болей, чым паміж Гомелем і Мінскам. Але даехаць да Нью-Ёрка з Вашынгтона можна кожную гадзіну двума-трыма цягнікамі. Прычым дабрацца можна за дзве з паловай ці тры з паловай гадзіны.
Праблемы з чыгуначным транспартам паміж Гомелем і Мінскам назіраюцца другі месяц. У лютым пасажырам двойчы давядзецца перасаджвацца на аўтобусы, каб даехаць да сталіцы: з 7-га па 9-га і з 21-га па 23-га лютага.
Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель.
Фота goodfon.ru
| Дадатак | Памер |
|---|---|
| Вячаслаў Бортнік | 397.98 КБ |


















