Таццяна Грыневіч-Матафонава прэзентуе тры плыты

Радыё Рацыя

Беларуская спявачка, супрацоўніца Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяна Грыневіч-Матафонава прэзентуе адразу тры плыты з беларускімі спевамі. 

Першая плыта мае назву «З новым годам!» і ўяўляе сабой дзіцячыя навагоднія і зімовыя песні ды вершы ў выкананні сына спявачкі Адася Матафонава, а таксама спевака Аляксея Крукоўскага. Як зазначае Таццяна Грыневіч-Матафонава, дадзеная плыта нясе адукацыйны характар і зроблена для таго, каб у беларускіх дзіцячых садках і школах дзеці маглі развучваць беларускамоўныя песні і вершы.

Другая плыта, якая мае назву «Шыпшына», уяўляе сабой збор беларускіх рамансаў у выкананні Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Трэці ж дыск запісаны ў супрацы з вядомым беларускім бардам Сяржуком Сокалам-Воюшам, які цяпер жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі. "Усе тры альбомы былі запісаны цягам мінулага года і таму было вырашана прэзентаваць іх разам,"- кажа Таццяна Грыневіч-Матафонава.

- Ужо ў верасні былі гатовы першыя два дыскі. А перад Новым годам прыйшла ідэя, што не хапае нашым дзеткам дзіцячых песень пра Новы год. За два тыдні быў запісаны гэты дыск. А зараз гэта ўсё разам прэзентуецца.

Прэзентацыя трох плыт адбудзецца ў мінскім музеі Янкі Купалы. На канцэрце прагучаць песні з усіх трох альбомаў у выкананні спявачкі Таццяны Грыневіч-Матафонавай і яе сына Адася Матафонава. Распачнецца імпрэза а 18-й гадзіне па беларускім часе.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

Фота horki.info
 

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: