Танкер з венесуэльскай нафтай прыбыў

Танкер з венесуэльскай нафтай для Беларусі 23 ліпеня ў 20.50 прыбыў у эстонскі порт Мууга, паведамілі БелаПАН у дыспетчарскай порта.

На борце знаходзіцца прыкладна 80 тыс. тон нафты, але пакуль гэты аб'ём пацверджаны толькі ў вуснай форме, дакументы павінны быць атрыманыя ў найбліжэйшы час, сказаў дыспетчар.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Беларускай чыгункі, пасля завяршэння разгрузкі ў порце будзе праведзены наліў нафты ў цыстэрны інвентарнага парка Беларускай чыгункі і Латвійскай чыгункі. Адпраўленне першага чыгуначнага саставу з венесуэльскай нафтай са станцыі Эстонскай чыгункі ў Беларусь чакаецца 25—27 ліпеня. Плануецца, што першая партыя нафты будзе складацца з 65 вагонаў. У цэлым пры перавозцы нафты з Эстоніі ў Беларусь будзе задзейнічана 23—25 чыгуначных саставаў. Нафту перавязуць у Наваполацк для перапрацоўкі на ААТ "Нафтан" у кароткія тэрміны, адзначылі ў прэс-службе.

Першыя чатыры танкеры з венесуэльскай нафтай дастаўляліся ў Адэскі порт, а затым партыі нафты па чыгунцы па Украіне транспартаваліся для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ.

Як адзначыла прэс-служба БЧ, час перавозкі вуглевадароднай сыравіны па чыгунцы ў Беларусь з Эстоніі будзе карацейшы, чым з Украіны. Калі паміж Адэсай і Мазыром адлегласць каля 1.050 км, то паміж портам Мууга і Наваполацкам — 850.

Пакуль невядома, ці будзе венесуэльская нафта і надалей пастаўляцца ў Беларусь праз эстонскі порт. Пытанне яшчэ прапрацоўваецца. Тарыф на перавозку нафты з Эстоніі таксама абмяркоўваецца. Акрамя таго, абмяркоўваецца варыянт пастаўкі венесуэльскай нафты праз парты Літвы і Латвіі.

Пагадненне аб пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь было падпісанае сёлета ў сакавіку. Згодна з дамоўленасцямі прэзідэнтаў дзвюх краін агульны аб'ём яе пастаўкі павінен скласці за 12 месяцаў каля 4 млн. тон, паведамляе БелаПАН