Сяргей Каваленка паведаміў, што яго кормяць прымусова

Радыё Рацыя

Як зразумела жонка Сяргея Каваленкі з ліста, які атрымала ад мужа, яго кормяць прымусова.

Паводле Алены Каваленкі, ліст ішоў да яе два тыдні і быў напісаны яшчэ 17 студзеня, таму ў пэўным сэнсе інфармацыя ў лісце ўжо састарэлая. Таксама ў лісце шмат словаў і сказаў закрэслена:

- Наконт галадоўкі ў лісце напісана, што «мяне пачалі карміць дактары два разы ў дзень». З гэтага зразумела, што ён есць не сам. Пасля нейкае слова закрэслена так добра, што я яго не магла разабраць. І далей: «Вось такая ў мяне цяпер галадоўка».

У Алены Каваленкі не бяруць перадачы для мужа на той падставе, што ён афіцыйна абвясціў галадоўку. Жонка зняволенага актывіста занесла ў Першамайскі суд Віцебска заяву, каб ёй дазволілі пазнаёміцца з крымінальнай справай мужа:

- Я пакінула ў канцылярыі хадайніцтва на сустрэчу і яшчэ хадайніцтва, каб я магла пазнаёміцца з матэрыяламі справы, таму што я выступаю ў гэтай справе ў якасці сведкі. 

Пакуль вядома, што Сяргея Каваленку вінавацяць у парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання і што ў знак пратэсту актывіст абвясціў галадоўку. Ён асуджаны да “хатняй хіміі” за тое, што вывесіў нацыянальны сцяг на галоўнай елцы ў Віцебску ў 2010 годзе.

Паводле Алены Каваленкі, суд мае распачацца на наступным тыдні.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

Фота news.vitebsk.cc

ДадатакПамер
Алена Каваленка 1269 КБ
Алена Каваленка 2241.66 КБ
Падзяліцца гэтай старонкай: