Рэакцыя гомельскіх актывістаў на падсрачнік Фядуты

Радыё Рацыя

Аб’яднанню апазіцыі перашкаджаюць амбіцыі асобных палітыкаў. Такое меркаванне выказалі рэгіянальныя актывісты Гомеля наконт канфлікту рэспубліканскіх палітычных лідараў.

Лідары шасці найбуйнейшых беларускіх дэмакратычных партый і рухаў планавалі падпісаць маніфест аб супольных дзеяннях на будучых парламенцкіх выбарах. Ухваленне дакумента не адбылося. Замест гэтага прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Фядута даў выспятка сустаршыні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталю Рымашэўскаму.

“Чым бліжэй да Мінска, тым болей амбіцый”, - пракаментаваў няўдалую спробу выпрацоўкі адзінай пазіцыі дэмакратаў па парламенцкіх выбарах Уладзімір Кацора. Гомельскі актывіст лічыць наяўнасць ідэйных супярэчанняў у лагеры дэмакратычнай апазіцыі натуральнай з’явай.

Уладзімір Кацора, каардынатар кампаніі па Гомельскай вобласці “За справядлівыя выбары”:

- Хацелася б, канешне, каб у апазіцыі было адзінства. Але досвед паказвае, што гэта вельмі няпроста. Супраць такога адзінства працуюць і абміцыі лідараў, і інтарэсы арганізацыяў, і інтарэсы ўлады. Што датычыцца магчымага распаду кааліцыі шасці апазіцыйных структураў, то нічога страшнага тут няма. Замест “шасцёркі” будзе нейкая іншая кааліцыя. Галоўнае, каб было разуменне, што адзінства неабходнае. І каб у асобных палітыкаў была б на гэта воля.

Гомельскі сябра партыі БХД Алесь Сівакоў тлумачыць такія паводзіны нежаданнем беларускіх лідараў ісці на кампрамісы.

Алесь Сівакоў:

- Філосаф Уладзімір Мацкевіч казаў: “А ты, падла, гатовы паступіцца сваімі прынцыпамі?”. Прычына канфлікту ў тым, што ў нашых так званых партыйных босаў надта высока стаяць іхнія асабістыя прынцыпы. А каб дамовіцца пра штосьці, разам ісці, то гэта ўжо прабачце... 

Гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі, наадварот, станоўча ставіцца да інцыдэнта ў Мінску. “Спрэчкі сведчаць пра тое, што беларуская апазіцыя жывая”, -- заявіў грамадскі лідар.

Кастусь Жукоўскі:

- Паглядзіце, у нармальных краінах свету пасяджэнні парламента і зборы партыяў заўжды адбываюцца з нейкімі канфліктамі. Таму што ў спрэчках нараджаецца нейкая праўда. А цішыня толькі на могілках. Ды яшчэ 20 з’езд КПСС, які ўсё мірна і спакойна ўхваляў. 

У адрозненне ад Мінска, дэмакратычныя арганізацыі Гомельшчыны змаглі дамовіцца наконт будучай кампаніі “Парламенцкія выбары”. Кааліцыйнае пагадненне падпісалі пятнаццаць суб’ектаў.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель. 

Фота baj.by

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: