Прэзентацыя выданняў часопіса “Arche” ў «БелЭкспа»
Дванаццаты нумар часопіса “Arche” за 2011 год прысвечаны жанчынам, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі.
Выхад гэтага нумара крыху затрымаўся, але галоўны рэдактар часопіса Валер Булгакаў спадзяецца, што Жаночы нумар яшчэ паспеюць прэзентаваць на ХІХ міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску.
- Гэты нумар прысвечаны жанчынам беларускай гісторыі. Яго ўкладальніцай стала гродзенскі гісторык Наталля Сліж. Выпускаючы рэдактар – Алесь Пашкевіч. Мы паспеем часопіс прэзентаваць на гэтай кніжнай выставе. Хутка выйдуць два краёвыя слоўнікі, адзін – Чэрвеньшчыны, другі – Віцебшчыны, факсімільнае перавыданне слоўніка Міколы Каспяровіча.
Сёння на кніжнай выставе ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» на стэндзе часопіса “Arche” з 17.30 да 19.00 адбудзецца прэзентацыя кніг беластоцкага гісторыка Алега Латышонка. Гэта кнігі – «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны ХVIII да пачатку ХХІ ст.», «Жаўнеры БНР» і «Беласток — Полацак».
Васіль Кроква, Радыё Рацыя.
* * *
Сёння на ХІХ Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску ля стэнда часопіса “Arche” адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага двухтомніка, які сабраў усю вядомую на сёння спадчыну крытыка літаратурнага аб’яднання “Узвышша” Адама Бабарэкі.
Значная частка тэкстаў, змешчаных у зборы твораў, публікуецца ўпершыню. Выданне прадставіць адзін з укладальнікаў Віктар Жыбуль.
- З’явілася нямала ахвотных набыць гэты збор твораў. Людзі цікавяцца, набываюць. Мне здаецца, была ацэнена і наша праца, як укладальнікаў, і праца самога Адама Бабарэкі, невядомая дагэтуль.
Двухтомнік Адама Бабарэкі паводле апытання газеты “Наша Ніва” быў названы лепшай кнігай Беларусі 2012 года. Прэзентацыя выдання пройдзе у выставачным цэнтры «БелЭкспа» на стэндзе часопіса “Arche” з 16 да 17.30.
Пасля прадстаўлення двухтомніка Адама Бабарэкі адбудзецца прэзентацыя кніг беластоцкага гісторыка Алега Латышонка.
Васіль Кроква, Радыё Рацыя.
Фота arche-paczatak.livejournal.com
| Дадатак | Памер |
|---|---|
| Віктар Жыбуль | 331.43 КБ |


















