Плата за камунальныя паслугі будзе расці
Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Шорац лічыць, што ў Беларусі пакуль рана ўводзіць поўную аплату насельніцтвам камунальных паслуг.
"Калі выйсці на 100% кампенсацыі выдаткаў, гэта прывядзе, па-першае, да нявыплаты, да росту неплацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі. Па-другое, да росту сацыяльнай напружанасці", – заявіў ён.
Былы міністр ЖКГ Іван Анташкевіч лічыць, што ўлады з задавальненнем скінулі бы на грамадзян усе выдаткі на камунальныя паслугі.
- Як будуць расці даходы, так яны будуць павышаць. Не будзе павышэння даходаў, я на 100% упэўнены, што не будзе і росту ЖКГ. Улада з задавальненнем бы рэфармавана ЖКГ і скінула б на людзей нагрузку. Навошта ім плаціць з бюджэта. Яны б выканалі па еўрапейскіх мерках ўсё гэта, але ніяк не атрымліваецца.
Гэтае меркаванне пацвярджае і дзеючы міністр ЖКГ Андрэй Шорац, які адзначыў, што Міністэрства не змагло ў мінулым годзе дасягнуць узроўню кампенсацыі насельніцтвам паслуг ЖКГ у 34%, удалося выйсці толькі на 17. У законе аб бюджэце на 2012 год запланавана дасягнуць лічбы 35% ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на ЖКГ, але, па словах міністра, гэта будзе вельмі складаная задача.
Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя.
Фота: telegraf.by


















