Падрыхтоўка да дыялогу
Візіт дырэктара дэпартамента па пытаннях Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння Гунара Віганда ў Мінск і сустрэчы як з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, так і грамадзянскай супольнасці - гэта толькі падрыхтоўка да дыялогу, які, магчыма, пачынаецца на лініі Брусель–афіцыйны Мінск.
Так пракаментаваў кіраўнік цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак першы пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў візіт у Мінск прадстаўніка Еўразвяза.
- Гэта нават не дыялог, а падрыхтоўка да дыялогу. Відаць, ва ўлады таксама ёсць жаданне пачаць размову з прадстаўнікамі Еўрасаюза. Еўрасаюз нацэлены на дапамогу Беларусі ў мадэрнізацыі краіны ў гэты складаны перыяд: гатовы прапанаваць розныя эканамічныя прэференцыі, а таксама матэрыяльную дапамогу. Але гэта зрабіць на базе дамовы аб партнёрстве.
Паводле інфармацыі беларускага прадстаўніцтва ЕС, Віганд прыбыў у Мінск «з мэтай усталяваць еўрапейскі дыялог па пытаннях мадэрнізацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі». Візіт дасць магчымасць «зрабіць агляд цяперашняга ўзроўню адносін паміж ЕС і Беларуссю і агучыць пытанні, якія выклікаюць занепакоенасць у Еўразвязе», — адзначылі ў прадстаўніцтве.
Візіт працягнецца да 10 лютага
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.
Фота news.open.by


















