Наваполацкі "Хімік-СКА" перапыніў серыю параз

Радыё Рацыя

Хакеісты наваполацкага "Хіміка-СКА" перапынілі серыю з 14 параз запар, абгуляўшы "Ліду" у хатнім паядынку экстралігі адкрытага чэмпіянату Беларусі - 4:1.

Хакеісты гродзенскага "Нёмана", адолеўшы на сваім лёдзе гамяльчан - 4:2, замацаваліся на другім радку турнірнай табліцы і павялічылі адрыў ад саперніка да 4 ачкоў. Жлобінскі "Металург" разграміў "Юнацтва" - 6:1. Хакеісты "Віцебска", прайграючы да сярэдзіны трэцяга перыяду з лікам 1:3, змаглі ў выніку святкаваць перамогу з лікам 5:3, "Брэст" быў разгромлены "Шахцёрам" 1:10.

Зборная Беларусі па хакеі з мячом, разграміўшы ў Алматы сапернікаў з Латвіі - 19:3, дамагліся другой перамогі на чэмпіянаце свету ў другім па рангу дывізіёне B. У стартавым матчы беларускія хакеісты выйгралі ў Вугоршчыны - 13:5.

Валейбалісты мінскага "Будаўніка" няўдала правялі першы матч 1/8 фіналу розыгрышу Кубка выкліку. Выступаючы ў гасцях у французскага "Рэна", чэмпіёны Беларусі прайгралі з лікам 1:3. Паўторная сустрэча адбудзецца 8 лютага на пляцоўцы мінскага Палаца спорту.

Вызначыліся склады тэнісных зборных Беларусі і Малдовы на матч 2-й групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса, які адбудзецца ў Мінску 10-12 лютага. Капітан беларусаў Сяргей Цяцерын разлічвае на Максіма Мірнага, а таксама на яго маладых партнёраў Уладзіміра Ігнаціка, Аляксандра Бурага і Дзмітрыя Жырмонта.

Агент паўабаронцы Аляксандра Глеба Мікалай Шпілеўскі распавёў пра тое, што незадоўга да закрыцця зімовага трансфернага рынка ў яго кліента з'явіўся варыянт пераходу ў нямецкі "Штутгарт". За швабскую каманду беларус выступаў двойчы. Аднак у трэці раз апранацца ў форму гэтай каманды Глеб адмовіўся. Ён зрабіў выбар на карысць грэцкага "Алімпіякаса", з якім вёў перамовы ў апошні дзень трансфернага акна. Аднак поспехам яны не завершыліся.

Нападнік Вячаслаў Глеб знаходзіцца ў Турцыі і правёў трэніроўку ў складзе казахстанскага "Актобе". Глеб-малодшы напрыканцы мінулага году застаўся без клубу пасля сыходу з нямецкага "Франкфурта".

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі 1/4 фіналу Кубка Афрыкі. У заключных матчах групавога этапу Батсвана саступіла зборнай Малі - 1:2, а Гана згуляла ўнічыю з Гвінеяй - 1:1. У чвэрцьфінале сустрэнуцца Замбія - Судан, Кот-д'Івуар - Экватарыяльная Гвінея, Габон – Малі і Гана - Туніс.

У выніку бойкі і цісканіны на стадыёне ў егіпецкім Порт-Саідзе загінулі 74 чалавекі, яшчэ каля 300 чалавек пацярпелі. Масавая бойка заўзятараў адбылася на стадыёне на поўначы ад Каіра пасля матчу паміж мясцовым клубам "Аль-Масры" і сталічным "Аль-Ахлі". Па папярэдніх дадзеных, падставай для бойкі паслужыў абразлівы плакат, які вывесілі ў перапынку паміж таймамі заўзятары "Аль-Ахлі". Як толькі пачуўся фінальны свісток, які зафіксаваў перамогу гаспадароў з лікам 3:1, заўзятары нападалі не толькі на фанатаў чужой каманды, але і на футбалістаў, прадстаўнікоў трэнерскага штаба. Калі бойка перайшла ў пабоішча, большасць гледачоў на трыбунах паспяшалася пакінуць стадыён, што прывяло да цісканіны. Па інфармацыі мясцовых СМІ, многія людзі проста падалі з трыбун.

Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя

Фота Яраслава Ванюкевіча

 

 

Падзяліцца гэтай старонкай: