На Падляшшы не спяшаюцца з увядзеннем двухмоўя
Дапаможная родная мова і двухмоўныя шыльды: скарыстацца з такой магчымасці ў тых рэгіёнах, дзе пражываюць нацыянальныя меншасці, дае польскае заканадаўства.
У прыватнасці, калі ў гміне пражывае больш 20% насельніцтва, якое адносіцца да пэўнай нацыянальнай меншасці, то Рада гміны мае права прыняць рашэнне аб выкарыстанні шыльдаў з двухмоўнымі назвамі і аб увядзенні роднай мовы як дапаможнай. Калі гэтая колькасць складае менш 20%, то рашэнне можа быць прынятае пасля кансультацый з насельніцтвам.
Калі казаць пра беларускую нацменшасць, то на дадзены момант толькі гміна Орля станоўча вырашыла пытанне з выкарыстаннем двухмоўных польска-беларускіх шыльдаў (засталося, каб гэтае пытанне разгледела адмысловая камісія ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адмінстрацыі, на фота - пакуль толькі калаж). На ўвядзенне ў якасці дапаможнай беларускай мовы пагадзіліся ў гмінах горада Гайнаўка, вёскі Гайнаўка, гміне Нараўка, Орля і Чыжы.
Іншыя гміны на Падляшшы, якія маюць права на выкарыстанне такой заканадаўчай магчымасці, пакуль не акрэслілі сваю пазіцыю і не прынялі рашэння па гэтым пытанні. Бургамістр Кляшчэляў Аляксандр Сяліцкі зазначае, што на ўвядзенне двухмоўя яшчэ не прыйшоў час:
- Мы ўжо не адзін раз спрабавалі размаўляць з чальцамі Рады гміны і з жыхарамі. Пакуль па выніках кансультацый жыхары кажуць, што гэта не адпаведны момант для ўвядзення другой мовы. Адклалі гэтае рашэнне на некаторы час, але будзем вяртацца да гэтай тэмы і калі свядомасць людзей зменіцца, то будзем уводзіць двухмоўныя шыльды і дапаможную родную мову. Мы не кажам “не”.
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у гміне Кляшчэлі беларусамі сябе задэкларавалі амаль 42% жыхароў. Гэта больш чым у два разы перакрочвае неабходны мінімум, які дае магчымасць на ўвядзенне двухмоўя.
У гэтым годзе ў Польшчы пройдуць выбары ў органы мясцовага самакіравання. Цяперашнія дэпутаты завершаць сваю працу 12 лістапада. Па словах войта гміны Чаромха Міхала Ўрублеўскага, пытанне двухмоўя – гэта ўжо задача новых дэпутаў:
- Мы спрабавалі падняць гэтае пытанне, але дэпутаты вырашылі пачакаць, паглядзець, што зробяць іншыя гміны. Я думаю, што няма чаго спяшацца. Калі будуць абраныя новыя дэпутаты, мы вернемся да гэтага пытання.
Адзначым, што ў гміне Чаромха паводле апошняга перапісу амаль 28% жыхароў акрэслілі сваю нацыянальнасць як беларускую.
Агулам у Падляшскім ваяводстве ёсць 12 гмінаў, у якіх колькасць жыхароў, якія прызналіся да беларускай нацыянальнасці, перакрочвае 20%. Дарэчы, у адной з гмін – гміне Пуньск – уведзеныя польска-літоўскія назвы на шыльдах.
Радыё Рацыя, фота Тыднёвік беларусаў у Польшчы "Ніва"












