Мэты візыту дзяржсакратара МЗС Латвіі выклікаюць пытанні
Асветная ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі" накіравала афіцыйны ліст у Латвійскую амбасаду, у якім патрабуе ўключыць у графік рабочага візіту ў Беларусь дзяржсакратара МЗС Латвіі Андрыса Тэйкманіса наведванне палітзняволеных Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Дашкевіча.
"Кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Алена Танкачова адзначае, што да гэтай пары мы не атрымалі ніякага адказу з амбасады Латвіі і расцэньваем гэта як трывожны сігнал," – кажа Алена Танкачова:
- Хацелася б зразумець, што менавіта з’яўлялася прадметам двухбаковых перамоваў паміж прадстаўніком МЗС Латвіі і МЗС Беларусі. Калі прадстаўнік МЗС Латвіі насмарэч вёў перамовы адносна двухбаковых стасункаў ЕС-Беларусь, гэта патрабавала больш шырокай інфармаванасці, у першую чаргу беларускай грамадскасці, а з другога боку, дзяржсакратара МЗС Латвіі. Тое, што не было распаўсюджана ніякай падобнай інфамацыі, выклікае нашу занепакоенасць.
Аб тым, што Тэйкманіс наведае Беларусь з рабочым візітам 3 лютага, паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных. Паводле яго слоў, у Мінску адбудуцца сустрэчы Тэйкманіса з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і яго намеснікам Сяргеем Алейнікам.
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя.
Фота telegraf.by


















