"Мацэвы штодзённага ўжытку" ў Нацыянальным музеі (фота)

Радыё Рацыя

Выстава "Мацэвы штодзённага ўжытку" адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Фотавыстава прысвечана тэме выкарыстання яўрэскіх надмагілляў у бытавым жыцці Польшчы пасля Другой сусветнай вайны. Падчас вайны нямецкія акупанты ў Польшчы брукавалі яўрэйскімі надмагільнымі плітамі падворкі будынкаў, у якіх жылі, умацоўвалі дарогі, ставілі з іх муры. Гэтыя традыцыі працягвалі палякі, выкарыстоўваючы мацэвы для будоўлі печаў, падлогі, бардзюраў, тачыльных колаў і іншых прадметаў быту.

Дадзеная праблема блізкая і для Беларусі, бо тычыцца агульнага лёсу яўрэйскай нацыі ў пасляваенныя часы, як кажа аўтар выставы Лукаш Баксік:

- Я думаю, што ў гэтым праекце я дакранаюся да чагосьці больш універсальнага. Мне падаецца, што адсутнасць нашых супольных яўрэйскіх грамадзянаў для нас нешта відавочнае. Я з такім меркаваннем не згодны. Думаю, што гэта ўніверсальны праект і датычыць ён усіх мясцін, дзе некалі жылі яўрэі.

Лукаш Баксік зазначае, што выстава "Мацэвы штодзённага ўжытку" -- гэта пачатак вялікага праекта. Аўтар выказвае жаданне знайсці да кожнага згубленага надмагілля аўтэнтычнае месца і вярнуць мацэвы на яўрэйскія могілкі.

Пасля ўрачыстага адкрыцця выставы ў Мінску адбылася грамадская дыскусія, дзе былі абмеркаваны праблемы захавання гістарычнай спадчыны яўрэяў у Польшчы і Белаусі.

Фотавыстава арганізавана пры падтрымцы польскага інстытута ў Мінску, а таксама разнастайных польскіх арганізацый, дзейнасць якіх накіравана на захаванне і абарону яўрэйскай гістарычнай спадчыны. Выставу "Мацэвы штодзённага ўжытку" можна пабачыць у беларускім нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, дзе экспазіцыя знаходзіцца ад сённяшняга дня.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск.

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: