У другі раз музей Беларускага Палесся ў Пінску далучыцца да святкавання Міжнароднага дня музеяў. Урачыстасці пачнуцца пры ўваходзе ў будынак і працягнуцца аглядам выстаў, тэатральных відовішчаў да ночы.
У Брэсце адчыняе свае дзверы свята беларускай і шведскай літаратуры. Літаратурны семінар “Формула творчасці: час і слова”, “Конкурс юнацкай паэзіі”, літатурная вечарына з удзелам беларускіх і шведскіх літаратараў – гэта далёка не поўны спіс таго, што чакае жыхароў і гасцей горада над Бугам.
У Бярозе адбылося адкрыццё літаратурнага фестывалю шведска-беларускай паэзіі “Па слядах Адама Міцкевіча”. Фестываль будзе мець працяг у Брэсце і Польшчы.
Выстава “Фамільны альбом” гродзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча адкрылася ў арт-галерэі “Крыга”. Асабліва праніклівым уяўляецца адмыслова створаны трыпціх паводле гэтай тэмы.
“Гомель, у якім жывем МЫ” ўжо даступны для вольнага прагляду ў сеціве. Аўтары фільма, незалежныя журналісты, супрацоўнікі Радыё Рацыя Мікола Бянько і Юлія Сівец, правялі прэзентацыю ў адным з гомельскіх бараў.
Беларускія, украінскія, рускія і літоўскія песні ў выкананні дашкольнікаў можна было пачуць на фестывалі дзіцячай песні нацыянальных меншасцяў “Спявайма супольна”.
Брэсцкае камеды-шоу “Адлюстраваныя ў лужынах” імкнецца да перамогі. Два відэаролікі на вострую сацыяльную тэматыку “Час” і “За кратамі” ўвайшлі ў фінал расійскага конкурсу незалежных студэнцкіх відэаролікаў “Залатая стужка-2012”.