Хакеісты мінскага "Дынама" пацярпелі паразу ад "Спартака"
Хакеісты мінскага "Дынама" прайгралі ў Маскве "Спартаку" з лікам 5:2 у трэцім паядынку пяціматчавай выязной серыі чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Няўдача зрушыла дынамаўцаў з першага месца ў дывізіёне Тарасава і з другога радка ў Заходняй канферэнцыі.
Выязную серыю мінскія дынамаўцы працягнуць візітамі да "Віцязя" і да "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада.
Зборная Беларусі па хакеі з мячом атрымала чарговую перамогу на чэмпіянаце свету ў дывізіёне B. У казахстанскім Алматы беларуская каманда ўпэўнена перайграла свайго галоўнага канкурэнта за выхад у групу А каманду Канады з лікам 6:0. Да гэтага беларусы па чарзе разграмілі супернікаў Вугоршчыны і Латвіі. Набраўшы 6 ачкоў з шасці магчымых, беларуская дружына практычна забяспечыла сабе першае месца ў групе В і пуцёўку ў эліту сусветнага бэндзі.
Сяргей Новікаў, заняўшы 43-е месца, стаў лепшым сярод беларускіх біятланістаў у спрынтэрскай гонцы на сёмым этапе Кубка свету, які стартаваў у нарвежскім Халменколене. На дыстанцыі 10 кіламетраў з двума агнявымі рубяжамі Сяргей Новікаў не дапусціў ніводнага промаху. Ад пераможцы гонкі расіяніна Яўгена Гаранычава беларус адстаў на дзве хвіліны. У жаночай спрынтэрскай гонцы на 7,5 кіламетраў беларуска Дар'я Домрачава заняла 2-е месца. Ачкі ў залік Кубка свету, патрапіўшы ў лік 40 лепшых, здолела зарабіць яшчэ адна беларуская біятланістка - Анастасія Дубарэзава, якая заняла 34-е месца.
Брэсцкі водны палац прымаў адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні памяці заслужанага трэнера БССР Аляксандра Каваленкі. Акрамя наймацнейшых айчынных плыўцоў удзел у ім прымалі спартоўцы з Расіі, Малдовы і Азербайджана. Два нацыянальныя рэкорды і адзін алімпійскі кваліфікацыйны нарматыў - такі вынік чэмпіянату краіны па плаванні ў Брэсце.
Толькі Святлане Хахловай ў апошні дзень спаборніцтваў ўдалося выплыць з нарматыву "А" на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Яна паказала вынік 25,07 секунды, тады як нарматыў - 25,27. Праўда, мінчанка толькі пацвердзіла свой вынік - у яе ўжо меўся "пропуск" на Алімпійскія гульні менавіта на гэтай дыстанцыі.
4 і 5 лютага ў французскім Ліёне пройдзе прэстыжны турнір наймацнейшых гульцоў Еўропы па настольным тэнісе. Спрэчку за галоўны прыз павядуць па 12 лепшых тэнісістаў кантынента, сярод якіх, па паведамленні сайта Беларускай федэрацыі настольнага тэніса, беларусы Уладзімір Самсонаў і Вікторыя Паўловіч. Уладзімір Самсонаў чатыры разы станавіўся мацнейшым на гэтых спаборніцтвах - у 1998, 1999, 2001 і 2007 гадах.
Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя
Фота lenta.ru


















