Кампенсацыі сем'ям ахвяр падполля ў Польшчы "замарожаныя"

Радыё Рацыя

У польскім Cейме ўжо амаль чатыры гады ляжыць праект Закона аб кампенсацыях сем’ям ахвяраў узброенага падполля, якое дзейнічала пасля Другой сусветнай вайны, у тым ліку і на Беласточчыне.

Сумна вядомы паход Рамуальда Райса "Бурага", які пачаўся напрыканцы студзеня 1946 года праз Звалешаны, Шпакі і іншыя беларускія вёскі Падляшша, адзначаны агнём і крывёй дзяцей, жанчын і мужчын, адзінай правінай якіх была прыналежнасць да беларускай нацыі і праваслаўя.

Радыё Рацыя звярнулася за каментаром да дэпутата Сейма ад Падляшскага ваяводства Яўгена Чыквіна, які быў адным з суаўтараў праекта Закона аб кампенсацыях сем’ям пацярпелых:

- Гэты Закон даў бы магчымасць судам вырашаць пытанне аб кампенсацыях сем’ям тых, хто пацярпеў або быў забіты. Сітуацыя вакол Закона склалася скандальная і нявыгадная для польскіх эліт. Зразумела, што была вайна і былі трагедыі, але факт, што той, хто вінаваты ў забойствах людзей, я кажу пра Рамуальда Райса, быў рэабілітаваны, незразумелы. Не можа быць у нармальнай дзяржаве такой сітуацыі, што забойца рэабілітаваны, яго сям’я атрымала кампенсацыю, а сем’і забітых – не атрымалі. Маршалак Сейма накіраваў праект Закона аб кампенсацыях адмысловай камісіі, і там ён пакуль “замарожаны”. Я буду яшчэ звяртацца і да прэзідэнта, і да Дональда Туска, але пакуль не бачу шанцаў, каб праблема была вырашана.

У 1995 годзе пастановай Варшаўскага вайсковага акруговага суда смяротны прысуд Рамуальду Райсу быў прызнаны незаконным. У рашэнні суда пазначана, што Райс “змагаўся за незалежнае існаванне польскай дзяржавы". Выдаючы загады аб пацыфікацыі беларускіх вёсак, ён нібыта дзейнічаў у надзвычайнай сітуацыі, якая прымусіла яго падымаць рашэнні не заўсёды адназначна этычныя.

Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя

Фота: wspolczesna.pl