Гунар Віганд: Магчыма, вызваляць аднаго ці двух

Радыё Рацыя

Улады могуць днямі вызваліць кагосьці з палітвязняў. Пра гэта сёння публічна заявіў дырэктар дэпартамэнта Еўрапейскай службы знешняга дзеяння Еўразвяза Гунар Віганд. Такое ўражанне склалася ў яго пасля наведвання Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Сваё выказванне еўрапейскі дыпламат зрабіў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў. Тое, што такія словы прагучалі, пацвердзіў удзельнік сённяшняй сустрэчы, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

- Спадар Віганд не казаў пра тое, што беларускія ўлады абяцаюць выпусціць палітвязняў. Ён толькі выказаў меркаванне, што ў яго склалася ўражанне: магчыма, у бліжэйшыя некалькі тыдняў адзін або два палітзняволеных выйдзе на свабоду. Гэта сапраўды было. І я, думаю, што хутчэй за ўсё пра гэта размаўлялі беларускія ўлады, пра гэта казалі і ў абмен спрабавалі выгандляваць нешта. І я лічу: тое, што адбылося ўчора, менавіта масавае затрыманне ў Літвінскім клубе, і тое, што адбылося сёння, гэта інфармацыя адносна таго, што ў калоніі не далі рэкамендацыі на вызваленне Бандарэнкі, гэта якраз і ёсць адказ беларускіх уладаў на пазіцыю спадара Віганда.

Як распавёў Віталь Рымашэўскі, дырэктар дэпартамента Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Гунар Віганд запэўніў, што ЕС не будзе мяняць сваю палітыку, пакуль палітвязні сядзяць. Візіт у Беларусь прадстаўніка Еўразвяза Гунара Віганда мог супасці па часе яшчэ з адным візітам — упаўнаважанага ўрада Нямеччыны па правах чалавека Маркуса Лёнінга. Аднак улады Беларусі адмовілі яму ва ўездзе ў краіну, як паведамілі ў нямецкім МЗС.

Анна Шайкоўская, Радыё Рацыя.

Фота ej.by

 

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: