Гатова 65% інфраструктуры для правядзення Алімпійскіх гульняў
У Лондане гатова 65% інфраструктуры для правядзення Алімпійскіх гульняў 2012 года, практычна завершаны работы на галоўным стадыёне. Аб гэтым паведаміў старшыня каардынацыйнай камісіі Алімпіяды Дэніс Освальд на сустрэчы ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі 23 ліпеня.
У якасці прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі веславання ён прыбыў для наведвання маладзёжнага чэмпіянату свету па акадэмічным веславанні ў Брэсце.
Асноўная праблема Лондана, паводле слоў Освальда, — якасць транспартнага абслугоўвання ўдзельнікаў Алімпіяды. - Там не такія шырокія вуліцы, як у Пекіне, — адзначыў ён. Цяпер ідзе пошук вырашэння праблемы свабоды перамяшчэння.
- Аргкамітэт Алімпіяды працуе ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі і бюджэтам. Упэўнены, што Алімпійскія гульні будуць паспяховымі, — сказаў Освальд, адзначыўшы, што яго галоўнай задачай з'яўляецца забеспячэнне роўных умоў для ўсіх удзельнікаў лонданскай Алімпіяды, паведамляе БелаПАН












