Дэмсілы Бабруйска за байкот выбараў

Радыё Рацыя

Бабруйскія палітычныя партыі і незалежныя прафсаюзы выступаюць за актыўны байкот выбараў. Рада дэмакратычных сілаў Бабруйска выступіла з адмысловай заявай.

У ёй дэмакратычныя сілы патрабуюць вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, уключэння ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі, адмены абмежаванняў на дзейнасць СМІ, партыяў і арганізацыяў, сходаў і мітынгаў. “Мы заклікаем да актыўнага байкоту выбараў,” – кажа адна з падпісантак заявы, каардынатар аргкамітэта па стварэнні БХД у Бабруйску Таіса Кабанчук.

- Мы вырашылі, што трэба людзям гаварыць сапраўды праўду, што выбараў няма і няма чаго туды хадзіць. І гэта мы будзем тлумачыць людзям і будзем заклікаць, каб яны ўвогуле не ішлі на выбарчы ўчастак. Бо толькі чалавек паставіць там подпіс, а яго голас палічаць туду, куды трэба ўладзе і таму кандыдату, які будзе занесены ў спіс Лукашэнкам. Толькі такія людзі змогуць прайсці, а тым больш у Палату прадстаўнікоў. Таму мы выступілі з такой пазіцыяй і будзем яе тлумачыць людзям падчас выбарчай кампаніі.

Заяву Рады дэмакратычных сілаў Бабруйска аб пазіцыі актыўнага байкоту падпісалі прадстаўнікі АГП, БХД, БНФ, Маладой хрысціянскай дэмакратыі, сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», Руху «Гавары праўду!», партыі «Справядлівы свет», незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці.

Анна Шайкоўская, Радыё Рацыя.

 

You are missing some Flash content that should appear here! Perhaps your browser cannot display it, or maybe it did not initialize correctly.

Падзяліцца гэтай старонкай: