Чэмпіянат Беларусі па футболе пройдзе па старой формуле
Чэмпіянат Беларусі па футболе 2012 года сярод каманд вышэйшай лігі пройдзе па старой формуле. Як і год таму, каманды вышэйшага дывізіёна правядуць трохкругавы турнір.
Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". У 22-м па ліку нацыянальным першынстве прымуць удзел 11 каманд, а не 12, як было ў мінулым годзе. У сувязі з фінансавымі праблемамі на старт у кампаніі наймацнейшых не зможа выйсці мінскі "Партызан", які ў мінулым сезоне заняў 2-е месца ў першай лізе і ў пераходных матчах за права гуляць у вышэйшай лізе абгуляў "Віцебск". Адкрыецца футбольны сезон-2012 матчам за Суперкубак Беларусі паміж чэмпіёнам барысаўскім БАТЭ і ўладальнікам Кубка краіны "Гомелем". Гэтую сустрэчу плануецца правесці 6 сакавіка ў мінскім футбольным манежы.
Беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб, які датэрмінова разарваў кантракт з іспанскай "Барселонай", можа працягнуць кар'еру ў Расіі. У 30-гадовага футбаліста ёсць варыянт з пераходам у маскоўскі "Спартак". Існуе інфармацыя аб зацікаўленасці ў паслугах Глеба і з боку маскоўскага "Лакаматыва". У снежні Глеб быў вымушаны пакінуць нямецкі клуб "Вольфсбург", за які ён гуляў у апошні час на правах арэнды. У гэтым сезоне чэмпіянату Нямеччыны Глеб правёў усяго чатыры матчы і забіў 1 гол.
У чэмпіянаце Беларусі па баскетболе сярод мужчынскіх каманд "Гродна-93" лёгка перайграў "Асіповічы" - 58:72, сталічны
БДУІР быў мацней віцебскага "Рубона" - 81:69, гомельскі "Сож" саступіў другой камандзе "Мінска-2006" - 70:81.
Зборная Беларусі па хакеі з мячом выйшла ў элітны дывізіён чэмпіянату свету. У казахстанскім Алматы беларуская каманда ў заключным матчы групы В выйграла ў каманды Нідэрландаў з лікам 5:2. Да гэтага беларусы па чарзе абгулялі зборныя Вугоршчыны- 13:5, Латвіі - 19:3 і Канады - 6:0. Беларуская дружына зменіць ў вышэйшым дывізіёне каманду ЗША, якая прайграла ўсе 5 матчаў.
Нападнік "Эдмантана" 22-гадовы канадзец Сэм Ганье стаў першым хакеістам НХЛ за апошнія 23 гады, каму ўдалося ў адным матчы зарабіць 8 бамбардзірскіх балаў. У хатнім пераможным паядынку з "Чыкага" (8:4) Сэм Ганье апынуўся датычны да ўсіх ўзяццяў варот саперніка, закінуўшы 4 шайбы і зрабіўшы 4 галявыя перадачы. Папярэдні раз 8 бамбардзірскіх балаў у адным матчы зарабляў легендарны форвард "Піцбурга" Марыё Лемье. Здарылася гэта 31 снежня 1988 года.
Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя.


















