Беларусы ўдзельнічалі ў сімпозіуме па радыяцыі ў Фукусіме
Сімпозіум з удзелам расійскіх, украінскіх і беларускіх вучоных, мэтай якога стала выкарыстанне вопыту і ўрокаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прайшоў 4 лютага ў горадзе Фукусіма ў Японіі, паведаміла тэлекампанія NHK.
Форум быў арганізаваны ў рамках дапамогі прэфектуры і горада ў барацьбе з наступствамі аварыі на АЭС "Фукусіма-1" у сакавіку мінулага года, калі адбылася ўцечка радыяцыі ў глебу, паветра і мора.
У сімпозіуме ўзяў удзел Госі Хасона, які сумяшчае пасады міністра па пытаннях аварый на атамных электрастанцыях і міністра навакольнага асяроддзя Японіі.
"Як зрабіць так, каб не дапусціць распаўсюджвання радыеактыўных рэчываў, што можна зрабіць для больш эфектыўнай дэзактывацыі тэрыторыі, як ураду вырашаць пытанні аховы здароўя жыхароў прэфектуры Фукусіма — нам неабходна навучыцца вельмі многаму з замежнага вопыту", — прыводзіць словы Хасона РІА Новости.
На сімпозіуме былі прадстаўлены вынікі даследаванняў па дэзактывацыі глебы, па ўплыве радыяцыі на здароўе жыхароў пацярпелых ад радыяцыі раёнаў. Адміністрацыя горада Фукусіма расказала аб працэсе дэзактывацыі 110 тысяч жылых дамоў горада.
У сакавіку 2011 года ў выніку магутнага землятрусу і наступнага цунамі на АЭС "Фукусіма-1" выйшла са строю сістэма ахаладжэння рэактараў і басейнаў з адпрацаваным ядзерным палівам. Гэта выклікала расплаўленне паліва ў трох рэактарах. Выбухі вадароду, што адбыліся ў першыя гадзіны і дні пасля аварыі, парушылі герметычнасць энергаблокаў, пасля чаго радыеактыўныя элементы трапілі ў атмасферу і ваду; затым стала з'яўляцца інфармацыя аб павышаным утрыманні радыяцыі ў розных прадуктах. З 20—30-кіламетровай зоны ад станцыі былі эвакуяваны 140 тысяч чалавек.
У канцы мінулага года было аб'яўлена аб тым, што на ўсіх аварыйных рэактарах дасягнуты стан халоднага спынення, аднак канчатковая ліквідацыя аварыі і поўны дэмантаж рэактараў завершацца не раней, чым праз 30-40 гадоў.
Паведамляе БелаПАН.


















