Аляксандр Глеб вядзе перамовы з "Алімпіякасам"

Радыё Рацыя

Беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб, які датэрмінова разарваў кантракт з іспанскай "Барселонай", у цяперашні час вядзе перамовы з чэмпіёнам Грэцыі "Алімпіякасам". Падпісанне кантракту магчыма ў самы бліжэйшы час.

Мінскі "Партызан", які па выніках мінулага сезону заваяваў права на ўдзел у вышэйшай лізе, на старт турніру не выйдзе. Каманда ўзяла самаадвод - яна не падала дакументы для праходжання абавязковай міжсезоннай працэдуры - ліцэнзавання. Тэрмін жа для гэтага мінуў. Кіраўніцтва "Партызана" у асобе генеральнага дырэктара Людаса Румбуціса на працягу двух месяцаў актыўна займалася пошукам новых інвестараў і з верай у выратаванне клуба адкладвала працэдурнае пытанне да апошняга. Але час мінуў, а інвестары так і не знайшліся.

Перамогшы ў гасцях чарапавецкую "Северсталь" з лікам 4:2 мінскае “Дынама” гарантавала сабе выхад у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі. Усе 6 шайбаў у паядынку былі закінутыя ў другім перыядзе. Дакладнымі кідкамі ў складзе “дынамаўцаў” адзначыліся Яраслаў Обшут, Цеему Лайнэ і Андрэй Міхалёў і Дзмітрый Мялешка. Мінскае "Дынама" выйшла ў плэй-оф другі раз запар, але ў параўнанні з мінулым сезонам зрабіла гэта значна больш упэўнена.

Гандбалісты мінскага «Дынама" паспяхова правялі турнэ па Нямеччыне, дзе згулялі ў трох таварыскіх матчах з камандамі бундэслігі. У першым спарынгу супраць «Бергіша», які займае 15-е месца ў нямецкім чэмпіянаце, чэмпіёны Беларусі перамаглі з мінімальнай розніцы ў ліку - 28:27, а затым выйгралі з розніцай у два мячы - 28:26. У заключным кантрольным паядынку з 7-й камандай бундэслігі «Лемга» каманда Сяргея Бябешкі выйграла з лікам 30:29. Гэтыя сустрэчы сталі для дынамаўцаў адным з заключных этапаў падрыхтоўкі да матчаў 1/8 фіналу розыгрышу Кубку ЕГФ з іспанскім «Гранальерсам».

Беларускі барэц Васіль Кузняцоў у вагавай катэгорыі да 100 кілаграмаў стаў бронзавым прызёрам першага ў новым сезоне этапа Кубка свету па самба на прызы Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У паўфінале беларус саступіў расейцу Эдуарду Кургеняну, які ў выніку стаў пераможцам турніру. Беларускі спартовец у паядынку за бронзу адолеў казахстанца Сунгата Маханбетава. Яшчэ тры беларускія самбісты, якія выступалі на турніры, засталіся без узнагарод. 

Беларускія барцы грэка-рымскага стылю заваявалі тры бронзы на этапе Голдэн Гран-пры ў турэцкім Стамбуле. У катэгорыі да 66 кг на трэцюю прыступку п'едэстала падняўся бронзавы медаліст пекінскай Алімпіяды-2008 Міхаіл Сямёнаў, аналагічныя поспехі ў Джавада Гамзатава і Іосіфа Чугашвілі.

Адна з самых знакамітых і тытулаваных беларускіх спартовак васьміразовая чэмпіёнка свету па веласпорце на трэку Наталля Цылінская нарадзіла трэцюю дачку. Наталля Цылінская бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах. Чэмпіёнкай свету Наталля станавілася 8 разоў.

Антон Разумоўскі, Радыё Рацыя

Фота yugopolis.ru
 

Падзяліцца гэтай старонкай: