Адбудзецца памінальная імша па паўстанцах Каліноўскага
Ва ўрочышчы “Крыжы”, якое знаходзіцца па-між вёскамі Мохавічы і Малое Ольжава, што на Лідчыне, у нядзелю а 14-й гадзіне адбудзецца памінальная імша па загінулых на гэтым месцы ў 1864 годзе паўстанцах з атрада Астрогі.
- На гэтым полі адбыўся няроўны бой беларускіх інсургентаў з пераўзыходзячымі войскамі маскавітаў. Атрады, якія вёў Астрога налічвалі ня больш за 150 чалавек, сутыкнуліся з расейскімі казакамі, якіх было літаральна ў 15 – 20 разоў болей. І ў выніку ўсе беларускія жаўнеры на гэтым полі палеглі, але не здаліся! Мы запрашаем усіх на святочную імпрэзу памяці “каліноўскіх” паўстанцаў. Пачатак а 14-й гадзіне 25 ліпеня ва ўрочышчы “Крыжы”, што знаходзіцца каля вёскі Малое Ольжава на Лідчыне, - запрашае на імпрэзу адзін з яе арганізатараў - сябра Рады Лідскай гарадской арганізацыі Таварыства Беларускай Мовы Кірыл Сыцько.
Ушанаванне памяці аб загінулых паўстанцах у гэтым годзе будзе праходзіць ужо ў 17-ы раз.
Дабрацца да месца правядзення імпрэзы можна наступным чынам: сядаем на дызель Ліда-Гродна, які адпраўляецца з Ліды ў 12.00 і даязджаем да станцыі Белагруда. Адтуль ідзем пешшу. Тыя, хто едуць ад Ліды, то збіраемся ў нядзелю 25 ліпеня ў 11.50 каля помніку "130 год Беларускай чыгунцы" на чыгуначным вакзале.
Андрэй Панямонаў, Радыё Рацыя.












