29 лютага – XIII Асамблея дзелавых колаў Беларусі
Асамблея разгледзіць новы варыянт Нацыянальнай платформы развіцця бізнесу. Пасля мерапрыемства дакумент будзе накіраваны да ўрада і парламента, як паведаміў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін.
- У апошні дзень зімы, 29 лютага, мы правядзем XIII Асамблею дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь. Больш за 50 асацыяцый, 50 сродкаў масавай інфармацыі, лідараў бізнесу, дыпламатаў з усіх рэгіёнаў. Усяго 350 дэлегатаў у нас збяруцца для абмеркавання сітуацыі з дзелавым кліматам у нашай краіне і Нацыянальнай платформай бізнесу Беларусі, якую ў гэтым годзе мы называем "Да мадэрнізацыі разам".
Паводле Уладзіміра Карагіна, чым больш урад будзе зацягваць рэфармаванне, тым цяжэй – і вельмі хутка – беларускай эканоміцы прыйдзецца існаваць ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй і Казахстанам. Таму бізнес-супольнасць хоча давесці чыноўнікам, што платформа патрэбна не толькі прадпрымальнікам, а краіне ўвогуле.
Рыгор Сапяжынскі, Радыё Рацыя.
Фота euroradio.fm


















