Перадвыбарчы рытуал з Іконай у тле
Расійскія СМІ паведамілі, што прэм'ер Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін атрымаў бласлаўленне на панаванне ад Ціхвінскай Іконы Божай Маці.
Для шмат каго, пакланенне славутай іконе незадоўга да выбараў добра адлюстроўвае царскія амбіцыі Пуціна.
Ціхвінская Ікона Божай Маці вядомая сваёй цудатворнасцю прыблізна гэтак як Уладзімірская, Казанская або Знаменне. Паводле легенды, хаця я асабіста у гэта не веру, яе напісаў сам Евангеліст Лука, лекар і мастак, яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі. Спярша ікона знаходзілася ў Ерузаліме, затым у Канстантынопалі, а ў ХІV стагоддзі яна звялася ў паветры над водамі Ладожскага возера. На берагу ракі Ціхвінкі быў пабудаваны храм у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, а ў ХVІ стагоддзі Успенскі мужскі манастыр. Падчас Другой Сусветнай вайны ікона трапіла ў Рыгу да епіскапа Яна. Яе захоўваў ён і яго пераемнік Сергій, але ў 1949 годзе ікона была вывезеная ў ЗША, адкуль вярнулася ў 2004 годзе і зараз ізноў знаходзіцца ў Ціхвінскім манастыры.
Дык вось гэтай іконе пакланіўся і паставіў перад ёю свечку Уладзімір Пуцін у часе наведвання Успенскага манастыра на завяршэнне рабочай паездкі ў Ціхвін у Ленінградскай вобласці. Ігумен Яўфімій паказаў Пуціну манастыр і распавёў пра Ікону. Ён распавёў пра жыццё манастыра, пра рэстаўрацыйныя працы, на якія ўрад выдзяліў немалую суму ў 450 мільёнаў рублёў. Настаяцель сказаў, што да Іконы прыязджалі прасіць блаславенства на царстваванне ўсе расійскія цары, пачынаючы з Івана Грознага за выключэннем Мікалая Другога, які сам адмовіўся ад трону і затым праз год стаў ахвярай бальшавіцкай рэвалюцыі. Пакідаючы храм прэм'ер пагутарыў з вернікамі. Яны звярнуліся да кіраўніка ўраду са шматлікімі просьбамі і нараканнямі, а той абяцаў разгледзець іх. Парафіяне ветліва падзякавалі Пуціну за прыезд і пажадалі поспеху на прэзідэнцкіх выбарах.
Нехта скажа: ды ў чым тут незвычайнасць падзеі. Прэм'ер пабываў у раёне, то і наведаў славуты манастыр. Пуцін не першы раз пабываў у праваслаўным храме, хрысціўся, ставіў свечкі. Незалежна ад яго асабістай веры ў Бога, незалежна ад таго, наколькі ён робіць гэта шчыра, у гэтым няма нічога дрэннага. Расія -- праваслаўная краіна, дзе заўсёды за выключэннем камуністычнага перыяду была сімфонія паміж царквою і дзяржавай.
Мяне здзіўляе той факт, што Пуцін не запярэчыў ігумену, калі той распавёў, што расійскія цары заўсёды прасілі ў Іконы блаславенства на царставанне. Мог бы сказаць, што ён не цар, а народны абраннік. Так. З часу калі Барыс Ельцын прызначыў Пуціна сваім пераемнікам, ён карыстаецца значнай папулярнасцю і праўдападобна пераможа на прэзідэнцкіх выбарах. Аднак гэта не абсалютная папулярнасьць. Калі пасля парламенцкіх выбараў ён з Мядзведзевым размеркавалі паміж сабою дзве галоўныя пасады ў краіне, дэ-факта памяняліся імі, шмат каго з расійцаў гэта абурыла. Шматтысячныя дэманстрацыі выразна паказалі, што людзі не хочуць, каб іх лічылі бяздумным быдлам. Яны хочуць мець голас, каб выбарчы бюлетэнь нешта значыў, калі ў краіне праводзяцца выбары, а ўлада не пераходзіць з бацькі на сына.
Не ведаю, што адбываецца ў душы Уладзіміра Пуціна, але выглядае, што яму падабаецца неабмежаваная царская ўлада. Хутчэй за ўсё ён вельмі хоча быць тым расійскім царом са званнем прэзыдэнта, а пакланенне Ціхвінскай Іконе пацверджанне гэтаму.
Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя.


















