Неадпраўлены ліст: перамога Лукашэнкі

На інтэрнэт-старонцы «Нашай Нівы» з'явіўся поўны тэкст звароту ў еўраструктуры ў справе санкцыяў Еўразвяза супраць Беларусі. Хаця невядома, хто ліст падпісаў, а хто - не і ці быў адпраўлены адрасатам, дык яго змест сведчыць аб неднадумнасці сярод грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Учора, зыходзячы з інфармацыі пра зварот, агучанай Мікалаем Халезіным, я засяродзіўся на відавочнай змене настрояў сярод еўрапейскіх палітыкаў у дачыненні да Беларусі. Калі ўлічыць факт, што насуперак ранейшым заявам Еўразвяз не збіраецца пашырыць «чорны» спіс беларускіх чыноўнікаў, калі намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Гур'янаў паведаміў пра ажыўленне гандлёвага супрацоўніцтва Еўразвяза з Беларуссю, дык складваецца ўражанне, што Еўропа паступова змякчае сваё стаўленне да беларускага рэжыму. Яна адмаўляецца ад санкцыяў і відавочна схільная актывізаваць кантакты з афіцыйным Мінскам, паставіўшы крыжык на беларускіх палітвязнях. Ці паўплывала на гэта пазіцыя часткі беларускай апазіцыі і вышэй згаданы ліст- не ведаю, але змена атмасферы вакол Беларусі - на відавоку. Калі і ліст не быў адпраўлены, дык няма падставаў меркаваць, што яго наогул не было, бо змест дакладна адлюстроўвае погляды часткі беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

Ліст зрабіў на мне прыкрае ўражанне, таму што я нязгодны з яго асноўнымі палажэннямі. Яны зводзяцца да наступнага: « Еўразвяз павінен быць абачлівы ў пытанні санкцыяў, варта захаваць у спісе неўзяных імёны толькі тых, хто сапраўды адказны за парушэнні правоў чалавека. Нельга дапусціць да ізаляцыі Беларусі, бо гэткім чынам беларускае грамадства страціць свае нешматлікія і слабыя сувязі з Еўразвязам і будзе адсунута яшчэ далей ад агульна-еўрапейскіх працэсаў. Пашырэнне спісу неўязных у сённяшні момант можа прывесці да эфэкту, процілеглага пажаданаму. Санкцыі будуць спрыяць кансалідацыі кіруючых элітаў, якія цалкам адмовяцца ад еўрапейскага вектару развіцця Беларусі. Зрэшты, гаворыцца у звароце, як паказавае прыклад міністра унутраных справаў Куляшова, калі чыноўнікам спатрэбіцца з'ездзіць на Захад, яны свабодны туды з'ездзяць. Заміж санкцыяў Еўразвяз павінен пашыраць свае сувязі з усім беларускім насельніцтвам, уключна з дзяржаўнымі структурамі, гадаваць эліту і падтрымліваць намаганні, накіраваныя на карэнныя рэформы. Вось такі асноўны змест звароту ў Еўраструктуры, які хаця, мабыць, не быў адпраўлены, аднак ён адпавядае поглядам шмат каго з ліку дэмакратычнай апазіцыі.

Магчыма, ім лепей бачныя беларускія рэаліі, але няхай памятаюць, што такой пазіцыяй яны дапамагаюць Лукашэнку заставацца пры ўладзе і бяспакарана працягваць сваю жорсткую палітыку ў дачыненні да апазіцыі. Беларускі кіраўнік разумее толькі аргумант сілы. Прымусіць да саступак яго можна толькі шляхам санкцыяў, а не заклікаў і ўгаворвання. Такую бяззубую палітыку ён успрыймае як сваю перамогу і доказ слабасці сваіх апанентаў. Калі яго ўмацоўваюць у пачуцці сваёй слушнасці і бяспакаранасці самі палітычныя апаненты, дык ён іх цалкам не будзе паважаць і не будзе слухаць. Адсюль лічу, што гэта зварот шкодны, нават калі ён і не быў адпраўлены адрасатам.

Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя.

Падзяліцца гэтай старонкай: