Лукашэнка павучае вучоных

Падчас уручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навукова-педагагічным работнікам Аляксандр Лукашэнка даў вучоным шэраг указанняў.

Ён папракнуў іх у непрактычнасці іхных даследаванняў і ў тым, што яны не разумеюць рэальных патрэбаў беларускага грамадства.

Набраўшыся сілаў у Сочы і падыхаўшы марскім паветрам Лукашэнка агучыў эпахальныя вынікі сваіх глыбокіх роздумаў. Уручаючы доктарскія і прафесарскія дыпломы і атэстаты ён не прамінуў нагоды, каб павучыць творцаў і вучоных. Кіраўнік дзяржавы па-мойму слушна нагадаў, што «любое навуковае даследаванне павінна арыентавацца на навізну і практычную аддачу». З гэтым цяжка не пагадзіцца. Любое вынаходніцтва павінна прыносіць практычную карысць у выглядзе ці то лепшага прадукту, ці прагрэсу ў галінах медыцыны, эканомікі ці тэхналогіяў.

У гэтым сэнсе ён пахваліў прафесара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Дзмітрыя Салівончыка, які распрацаваў больш эфектыўны метад лячэння інфаркту. Спадабалася няп'юшчаму Лукашэнку і праца дацэнта Гародзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Генрыха Мілосты, які распрацаваў тэхналогію вырошчвання хмелю ва ўмовах Беларусі. Вельмі важнай і патрэбнай Лукашэнка прызнаў доктарскую дысертацыю па праблемах абароны інфармацыі, напісаную прафесарам БДУ Цімафеем Барбоцькам. «На жаль, такой сувязі з актуальнымі сацыяльнымі праблемамі не відаць у многіх грамадскіх і гуманітарных даследаваннях,» — з прыкрасцю канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён расчараваны тым, што многія вучоныя не змаглі даць належную ацэнку таму ўнікальнаму феномену, які ўяўляе сабою сучаснае беларускае грамадства.

Праўда, трапляюцца пэрліны і ў гуманітарных даследаваннях, адзначыў гэты пранікнёны знаўца многіх навук. Лукашэнка пахваліў брэсцкага гісторыка, вучонага Аляксандра Вабішчэвіча за працу пра барацьбу беларусаў за захаванне культурнай самабытнасці пад уладай Польшчы ў 1920–1930-я гады, а таксама работу дацэнта БДУ Алены Сурковай аб старажытнаславянскіх асновах мовы нашых продкаў.

Патрабаванне да вучоных, каб іхная праца прыносіла практычны плён у выглядзе нейкіх інавацыяў, мне падаецца разумным. Навука дзеля самой навукі можа быць патрэбная самім вучоным, як спосаб пражывання і ўтрымання, але краіне і грамадству чыста тэарэтычныя даследаванні непатрэбныя. Аднак Лукашэнка закрануў балючую для яго тэму ідэалагічнай працы з насельніцтвам. Па яго словах, падчас калі на Захадзе выкарыстоўваюцца ўсё больш дасканалыя паліттэхналогіі, айчынныя вучоныя не спраўляюцца з задачай ідэалагічнага супрацьстаяння заходняй прапагандзе. Лукашэнка ўдакладніў, што ў навуковым асяроддзі недастаткова асвятляюцца славянскія карані беларускага народу, і наадварот, прадпрымаюцца спробы ўпісаць нашае мінулае ў гісторыю як Польшчы, так і Літвы, падкрэсліў ён.

Ніяк не цямлю, у чым той феномен сучаснага беларускага грамадства. Не разумею таксама, чаму беларусы паводле Лукашэнкі сапраўдныя славяне, а вось палякі не. Ці ж стагоддзямі беларусы не жылі са славянамі палякамі і літоўцамі балцкага паходжання ў адной дзяржаве? Прамываць мазгі грамадству наконт сучаснасці – гэта яшчэ можна зразумець, але перапісванне гісторыі – гэта ўжо залішне.

Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя.
 

Падзяліцца гэтай старонкай: