Хоць сякая-такая незалежнасць.
Дакладна 20 гадоў таму, 27 ліпеня, Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў "Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі". 25 жніўня 1991 гэтай дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, і Беларуская Савецкая Рэспубліка ператварылася ў незалежную Рэспубліку Беларусь.
Дакладна памятаю гэты дзень, калі 20 гадоў таму грымнула вестка пра абвяшчэнне Беларуссю незалежнасці. Я тады жыў у Чыкага і даволі цяжка працаваў. У кожным разе не займаўся тым, што мне было даспадобы. Пра абвяшчэнне Беларуссю незалежнасці, мабыць, я даведаўся ад Янкі Запрудніка, ці ад ягонай цяперашняй жонкі Надзі Кудасавай. Існуюць жа тэлефоны.
Памятаю, што ў той дзень я адчуў нейкую эйфарыю, быццам выйграўшы мільён даляраў. Сям'я з Сямяціч, якая жыла на другім паверсе ў царкоўным доме, прозвішча якіх я не называю, бо можа яны гэтага не жадаюць, ніяк не разумела майго энтузіазму. Маўляў, у чым тут справа. Мы ж не з Беларусі, але з Падляшша. Якая нам розніца, залежная, незалежная, савецкая, постсавецкая, мы жа паходзім з Падляшша.
Яны мелі рацыю, як мінімум у тым сэнсе, што тая Рэспубліка Беларусь была для нас усяго толькі ідэяй, а не рэальнай краінай. Мае сябры аднолькава ўтульна адчуваюць сябе ва ўкраінскай і расійскай парафіях, абы там гучала царкоўна-славянская мова. У нас са Спадаром М. была найперш агульная, праваслаўная вера і ніяк не адчуванне нацыянальнаьці. Я нарадзіўся на Сакольшчыне, ён каля Сямяціч. Я радаваўся той незалежнасці Беларусі, а ён усяго толькі усміхнуўся, каб мяне не пакрыўдзіць, але нічога не сказаў. Нічога не сказала ні ягоная, ні мая жонкі. Я прапанаваў неяк адзначыць гэтую падзею застоллем, і тут ніхто не пратэставаў. Адзначылі. Для застолля не трэба асаблівых падставаў.
Дзень 27 ліпеня быў нацыянальным святам краіны да рэферэндуму ў 1996 годзе, пасля якога яго перанеслі на 3 ліпеня - дату, звязаную з вызваленнем падчас Другой Усясветнай вайны. Дата абсалютна ўмоўная, бо нават яшчэ не ўся Беларусь была вызваленая ад нацысцкіх захопнікаў. Ды тут невялікая праблема, бо беларусам пераважна абыякава, які дзень будзе лічыцца нацыянальным святам, абы гэта быў выходны дзень.
У мяне персанальна гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларусі выклікае вельмі супярэчлівыя пачуцці. Спярша я гэтаму вельмі абрадаваўся, затым пачаў хвалявацца, у які бок ідзе тая незалежнасць. Яшчэ пазней я ўсвядоміў, што дэкларатыўная незалежнасць нічога не азначае. З эканамічных прычынаў, а дакладней паставак нафты і газу, беларускае кіраўніцтва бясконца абяцае Расіі здаць тую сваю незалежнасць, але не здае, і гэта, па-мойму, разумная гульня.
Думаю, што ніякай саюзнай дзяржавы ніколі не будзе. Гэта такая гульня, у якой абодва бакі разумеюць бясплённасць гаворкі, але гавораць, бо гэтак выпадае. Калі нават Лукашэнка не здаў Беларусь, дык хто яшчэ можа быць горшы за яго? Вось таму ёсць падстава святкаваць, і пры тым урачыста святкаваць, 20-ю гадавіну абвяшчэння суверэнітэту Беларусі.
Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя













Каментары