Дыскрэдытацыя апазіцыі

Кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін цвердзіць, што ёсць сярод дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі людзі, якія не ўхваляюць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

Ён назваў прозвішчы тых, хто выступае за перагляд спісу неўязных у Еўразвяз, як і тых, хто выступае за пашырэнне спісу ды ўзмацненне санкцый.

Зварот у еўраструктуры нібыта падпісалі: кіраўніца офісу «За дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская, а таксама «маладыя прагматыкі» Юры Чавусаў, Дзяніс Мельянцоў, Аляксей Пікульнік і Пётр Марцаў. Ініцыятары звароту нібыта звярталіся да многіх сацыёлагаў, аналітыкаў, праваабаронцаў і палітыкаў, але большасць з іх адмовіліся падтрымаць зварот. Сярод тых, хто адмовіўся далучыцца да гэтай ініцыятывы, Халезін называе эканамістаў Леаніда Заіку і Ленаіда Злотнікава, аналітыка Аляксандра Класкоўскага і сацыёлага Алега Манаева. Паводле Мікалая Халезіна, офіс «За дэмакратычную Беларусь» прапанаваў скараціць спіс неўязных прыкладна на 25 чалавек, але дадаць у яго людзей датычных да справы Бяляцкага.

Рэдактар інтэрнэт-сайта «Беларускай дзелавой газеты» Пётр Марцаў заявіў, што агучаная Халезіным інфармацыя не цалкам дакладная. Тэкст заявы рыхтаваўся, але яго не падпісалі і ён нікуды не паступаў. Марцаў лічыць, што ў спіс неўязных павінны ўваходзіць толькі людзі адказныя за рэпрэсіі пасля Плошчы. Санкцыі, паводле Марцава, -- неэфектыўныя. Ізаляцыю Беларусі ён лічыць шкоднай, бо гэта падштурхне да аб'яднання з Расіяй і страты незалежнасці. Юры Чавусаў са свайго боку заявіў, што ён наагул супраць візавых санкцый, бо ў спіс патрапілі людзі паводле пасады, а не паводле сваёй віны. Затое тыя, хто нібыта не пагадзіліся падпісаць зварот: Леанід Злотнікаў і Аляксандар Класкоўскі заявілі, што звароту не бачылі і ніхто да іх не звяртаўся ў гэтай справе.

Неяк не верыцца, што Халезін заведама хлусіць альбо займаецца правакацыямі. Ён кажа, што шэраг чыноўнікаў Еўразвяза і фінансавых донараў падзяляюць ідэю перагляду санкцый. Таксама «Наша Ніва» спасылаючыся на дыпламатычныя крыніцы напісала, што ініцыятыва звароту зыходзіла ад пэўных колаў у Еўразвязе і ЗША.

Калі інфармацыя Халезіна і недакладная, зварот спыніўся на этапе праекта, дык ён напэўна правільна адчуў настроі сярод часткі еўрапейскіх палітыкаў. Яны, відавочна, ужо не бачаць мэтазгоднасці далейшых санкцый і не лічаць беларускіх апазіцыянераў партнёрамі. У міжчасе беларускія ўлады перайшлі ў інфармацыйны наступ. У праграме па БТ «У цэнтры ўвагі» быў паказаны фільм, паводле якога брытанская амбасада фінансавала Беларускую асацыяцыю журналістаў. Не дапамог іміджу дэмакратычнай апазіцыі і расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. На сваім сайце ён напісаў і сказаў у інтэрв'ю для АГП, што кампанія «Гавары праўду», а таксама шэраг кандыдатаў у прэзідэнты фінансаваліся адміністрацыяй прэзідэнта.

Калі спалучыць у адно некалькі апошніх заяваў і фактаў складваецца карціна несуцяшальная для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Шляхам усіх праўдаў і няпраўдай яна развальваецца і маргіналізуецца.

Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя.
 

Падзяліцца гэтай старонкай: