Будзем надрывацца да старасці

Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі сустрэўся з прадстаўнікамі ўсіх партый прадстаўленых у Сейме і заклікаў іх дамовіцца ў справе пенсійнай рэформы.

Апазіцыйныя партыі прадставілі свае прапановы ў справе рэформы і палітыкі дапамогі сем'ям.

Пенсійныя рэформа па сутнасці – гэта падвышэнне пенсійнага ўзросту. Зараз пераважная большасць жанчын выходзіць на пенсію не пазней, як у 60 гадоў. Мужчыны, за выключэннем некаторых прафесій, такіх як паліцыянты, вымушаны працаваць да 65-га года жыцця. Аднак урад выступіў з прапановай, каб усе, і мужчыны, і жанчыны, працавалі да 67 года жыцця. Да гэтага імкнуцца амаль усе краіны Еўразвяза ў сувязі са старэннем грамадства. Еўропа перажывае дэмаграфічны крызіс. Нараджаецца ўсё меней дзяцей, а людзі статыстычна жывуць даўжэй. Хутка на пенсіі не будзе каму працаваць. Сітуацыя, калі на аднаго працоўнага адзін пенсіянер забойная для эканомікі. Вось таму заходнія ўрады хочуць, каб людзі працавалі даўжэй, тым болей, што дзякуючы сучаснай медыцыне яны даўжэй захоўваюць сілы і здароўе. «Зараз польскае грамадства адносна маладое, а праз 30 гадоў сітуацыя зменіцца. Падвышэнне пенсійнага ўзросту неабходнае і ў такой відавочнай справе не трэба ніякіх рэферэндумаў,» – цвердзіць прэм'ер Дональд Туск і кіруючая партыя Грамадзянская платформа.

Супраць гэтага выступаюць апазіцыйныя партыі, найперш Права і справядлівасць ды Саюз Левых Сілаў. Яны хочуць, каб у такой важнай для ўсяго грамадства справе правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум. Прафсаюз «Салідарнасць» сабраў паўмільёна подпісаў пад петыцыяй у справе рэферэндуму. Левыя сілы хочуць, каб выхад на пэнсію быў звязаны з гадамі працы, напрыклад 35 гадоў для жанчын і 40 для мужчын. Гэта значыць, што калі жанчына пачала працу ў свае 20 гадоў, дык магла б пайсці на пенсію ў 55 гадоў. Сялянская партыя хоча, каб узнагроджваць жанчын ранейшым выхадам на пенсію ў залежнасці ад колькасці народжаных і выхаваных дзяцей. Калі жанчына ніколі прафесійна не працавала, а займалася толькі выхаваннем дзяцей, яна таксама павінна атрымаць пенсію, бо выхаванне дзяцей – гэта таксама праца і пры тым вельмі адказная праца.

Пенсійная рэформа хвалюе і персанальна мяне, бо я імкліва набліжаюся да пенсійнага ўзросту. У мяне ёсць свая думка ў гэтай справе. Разумею, што грамадства старэе. У еўрапейскіх краінах усё больш старых і меней маладых у працаздольным узросце. Але я пытаюся: а што ўрады робяць у галіне так званай палітыкі дапамогі сем'ям, каб стымуляваць рост нараджальнасці, як гэта з неблагім вынікам робіць Францыя? Хто разумны захоча мець болей дзяцей, калі ён сам без працы і няма перспектываў працы для маладых. Калі працоўных месцаў аднолькавая колькасць, дык якая розніца, ці далей працуе стары чалавек, ці ён саступіць месца маладому беспрацоўнаму.

Зноў жа мяркуючы паводле сябе, калі за сем гадоў да пенсіі я ўжо часцей хварэю і менш прадуктыўны нават у сядзячай працы, дык што будзе праз 7 гадоў. А як Вы сабе ўяўляеце медсястру, настаўніцу, гарняка, шафёра, асабліва фізічнага работніка на будоўлі, ці каго-небудзь ва ўзросце 66 гадоў? Што гэта за праца, калі чалавек становіцца недалужны, калі ў яго не той зрок і не тыя сілы? Ці такі чалавек можа быць прадуктыўны? Досвед не кампенсуе вынікаў звычайнай старасці.

Гэтыя і падобныя пытанні гучаць у часе ажыўленых дыспутаў, якія вядуцца ў Польшчы. Ініцыятары простага падвышэння пенсійнага ўзросту павінны ўлічыць такія думкі.

Кастусь Бандарук, Радыё Рацыя.
 

Падзяліцца гэтай старонкай: