Замкі і замкІ

У пачатку года так прыемна памарыць пра магчымыя нашы добрыя перспектывы. Фінансавыя. На развіццё сферы культуры Гродзенскай вобласці з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў накіруюць каля Br110 млрд. У 2012. Чакаем. Пазітыўная навіна? Пазітыўная.

На што пойдуць грошы? Фінансавых дзюрак у беларускай культуры вельмі шмат. Адна з іх – рэстаўрацыя помнікаў архітэктуры. Тых, што яшчэ не разабраныя на свінарнікі і не дабітыя канчаткова няўмольным часам. Ёсць дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі”. У яе рамках плануецца надалей фінансаваць рэстаўрацыю Крэўскага, Гальшанскага, Лідскага замкаў.

Хочацца верыць, што рэстаўрацыя гэтых знакавых месцаў Беларусі не пераўтворыцца ў еўрарамонт і засваенне грошай дзеля іх засваення. “Рэстаўрацыя” палацу Агінскіх у Залессі на Смаргоншчыне вельмі нагадвае такі еўрарамонт “па-багатаму” ў выкананні гастарбайтэраў з Таджыкістану.

Пры ўсім бязладдзі айчыннай рэстаўрацыі, ёсць яшчэ адна праблема. Праблема знешніх уплываў. Некаторым суседзям не падабаецца наш выбар аб’ектаў для рэстаўрацыі. Аказваецца, Беларусь аднаўляе “літоўскія і польскія” замкі. Пра гэта напісаў сайт regnum.by – філіял расійскага федэральнага агенцтва ў Беларусь. Спадарству з усходу крыўдна: у Лідскім замку жыў хан Тахтамыш, а пазней хан Даўлет-Хаджы Гірэй – “заклятыя” сябры княства Маскоўскага. Вось жа столькі часу прайшло, а імперыя застаецца імперыяй. Калі не па моцы ўлады, то па ладу мыслення… І кіраўнік “суверэннай” дзяржавы просіць грошай у суседзяў на войска сваёй дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка “дамовіўся” з прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым пра дапамогу ў фінансаванні жытла для беларускіх вайскоўцаў. Раз ужо на замкі грошай не далі – возьмем на іншыя праекты. Весела жывём!

Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.
 

Падзяліцца гэтай старонкай: